28 лютага завяршаецца пазачарговы набор беларускіх студэнтаў на навучанне па праграме Каліноўскага ў Польшчы.

Набор быў аб’яўлены ўрадам Польшчы для тых студэнтаў, якія страцілі магчымасць вучыцца ў роднай краіне пасля ўдзелу ў падзеях пасля прэзідэнцкіх выбараў, паведаміла каардынатар праграмы, старшыня камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей.

Паводле яе слоў, пасля масавых затрыманняў удзельнікаў акцыі 19 снежня ў Мінску польскія ВНУ заявілі пра гатоўнасць прыняць адлічаных беларускіх студэнтаў у сярэдзіне навучальнага года. Па праграме Каліноўскага Польшча выдзеліла 150 стыпендый для студэнтаў, 50 стыпендый для дактарантаў і 10 навуковых стыпендый для выкладчыкаў ВНУ.

Як паведаміла Кулей,

на сённяшні дзень камітэт прыняў больш за 30 заявак на навучанне па праграме Каліноўскага ў Польшчы.

У тым ліку ад 13 студэнтаў, выключаных з беларускіх ВНУ пасля ўдзелу ў акцыі, якія ўжо маюць на руках дакументы аб адлічэнні, а таксама ад тых навучэнцаў, якія былі выключаныя яшчэ ў перыяд перадвыбарнай кампаніі, і тых, якія сёння знаходзяцца пад пагрозай выключэння. Паводле яе слоў, ёсць некалькі заявак ад аспірантаў, у якіх узніклі праблемы з навучаннем пасля ўдзелу ў акцыі на плошчы Незалежнасці, а таксама ад тых, хто не можа абараніць у Беларусі кандыдацкія дысертацыі, паколькі іх працы не адпавядаюць беларускай ідэалогіі.

Кіраўнік камітэта адзначыла, што польскія ВНУ гатовы правесці сёлета яшчэ адзін набор па праграме Каліноўскага ў выпадку такой неабходнасці. Кулей мяркуе, што вясной ў беларускіх ВНУ магчыма яшчэ адна хваля выключэнняў.

Паводле яе слоў, цяпер у польскіх ВНУ па праграме Каліноўскага вучыцца больш за 250 студэнтаў, у розны час выключаных з беларускіх ВНУ. Таксама, паводле яе звестак, больш за 30 чалавек вучацца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільнюсе, некалькі чалавек — у ВНУ Эстоніі, Чэхіі і іншых еўрапейскіх краін.

Нагадаем, праграма Каліноўскага была заснаваная 30 сакавіка 2006 года ў Варшаўскім універсітэце прэм’ер-міністрам Польшчы і рэктарамі вышэйшых навучальных устаноў гэтай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?