Заява Алеся Міхалевіча, зробленая 28 лютага, у якой ён расказаў аб катаваннях і здзеках, што прымяняліся да яго падчас утрымання ў СІЗА КДБ, выклікала вялікі розгалас.

«Наша Ніва» звярнулася да юрыста Гары Паганяйлы, каб даведацца якія вынікі для Алеся Міхалевіча можа мець падобная заява.

«НН»: Якімі могуць быць юрыдычныя наступствы заявы для Алеся?

Гары Паганяйла: Для пачатку Алесь Міхалевіч мусіць юрыдычна аформіць свае прэтэнзіі да супрацоўнікаў праваахоўчых органаў, якія падвяргалі яго катаванням. Напісаць заяву ў адпаведныя органы, пракуратуру. Пракуратура павінна адсочваць усе падобныя выпадкі, праводзіць расследаванні. Гэта абавязкова.

Іншая справа, што нашы органы, пракуратура, часам робіць выгляд, што нічога падобнага не адбываецца. Як праваабаронца магу сказаць, што гэта не першы выпадак, калі былыя вязні расказваюць пра катаванні.

«НН»: Справа Алеся Міхалевіча можа мець міжнародны рэзананс?

ГП: Так. Існуюць міжнародныя дамовы, паводле якіх катаванні прызнаныя цяжкім злачынствам і рэакцыя павінна быць. Тым больш, што і паводле беларускага заканадаўства любыя катаванні забароненыя. Якой будзе міжнародная рэакцыя — пакажа бліжэйшы час. Пакуль што рана гаварыць аб нейкай рэакцыі, прайшло толькі некалькі гадзін.

«НН»: Ці можа заява Міхалевіча быць ацэненая як раскрыццё таямніцы следства? Якія ўвогуле наступствы для яго асабіста можа мець уся гэтая справа?

ГП: Не. Гэта ні ў якім разе не парушэнне таямніцы следства. Гэта важная грамадская справа, публічная. Катаванні забароненыя і павінны быць пакараныя. Таму юрыдычна заява Міхалевіча не з’яўляецца незаконнай.

Аднак экс-кандыдата зараз могуць абвінаваціць у тым, што ён схлусіў, зрабіў данос на органы КДБ. Можа быць усчатая новая справа ў сувязі з гэтым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?