Папулярны міністар абароны Нямеччыны Карл-Тэадор цу Гутэнбэрг, падаў у адстаўку ў сувязі з абвінавачваньнямі, што частка ягонай доктарскай дысэртацыі зьяўляецца плягіятам. Яго адстаўка — сур’ёзны ўдар па пазыцыях канцлера Ангелы Мэркэль і яе партыі, якая рыхтуецца да мясцовых выбараў у трох землях Нямеччыны ў сакавіку.

39-гадовы арыстакрат і былы міністар эканомікі Карл-Тэадор цу Гутэнбэрг, якога абвінавацілі ў тым, што частка ягонай доктарскай дысэртацыі з’яўляецца плягіятам, паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, што рашэньне аб адстаўцы было «самым балючым рашэньнем у яго жыцьці».

На мінулым тыдні ўнівэрсытэт Байройта пазбавіў Гутэнбэрга званьня доктара пасьля таго, як ён прызнаўся, што ў яго дысэртацыі былі «недахопы». Першапачаткова ён адкідаў абвінавачваньні ў плягіяце як «абсурдныя».

Былы міністар папрасіў прабачэньня ва ўнівэрсытэта, хаця наўпрост і не прызнаў слушнасьць абвінавачваньняў.

Нямецкія СМІ, аднак, паведаміў, што шматлікія кавалкі дысэртацыі Гутэнбэрга пра разьвіцьцё канстытуцыйнага права ў Эўразьвязе і ЗША, абароненай у 2006 годзе, былі ўзятыя са старых газэтных артыкулаў і іншых навуковых публікацый, без належных спасылак.

Гутэнбэрг сёньня прызнаў, што скандал, падчас якога прэса дала яму мянушкі «барон Cut-And-Paste» (выразаць і ўставіць) і «Цу Гуглбэрг» (ад назвы пошукавай сыстэмы Google), дабіў яго: «Я заўсёды быў гатовы змагацца, але я дасягнуў мяжы сваіх сілаў».

Былы міністар паведаміў, што скандал вакол яго дысэртацыі забіраў у яго шмат часу і пагражаў сарваць плян рэформы бундэсвэру. Гутэнбэрг падкрэсьліў, што вырашыў сысьці ў адстаўку, каб прадухіліць далейшую шкоду ад скандалу: «Як і ўсе людзі, я павінен прызнаваць мае слабасьці і памылкі».

Паводле ацэнак назіральнікаў, Карл-Тэадор, разам са сваёй жонкай Стэфані — прапраўнучкай легендарнага канцлера Нямеччыны Ота фон Бісмарка, быў глямурнай постацьцю ў шэрым сьвеце нямецкай палітыкі.

Яго адстаўка зьяўляецца сур’ёзным ударам па канцлеру Ангеле Мэркэль, якая падтрымлівала Гутэнберга на працягу ўсяго скандалу. Учора быў абнародаваны адкрыты ліст 23 тысяч навукоўцаў і грамадзкіх дзеячоў з асуджэньнем канцлера за яе спробы абараніць свайго міністра.

Яго рашэньне сысьці ў адстаўку прыпала як раз на момант, калі Хрысьціянска-дэмакратычны саюз рыхтуе да выбараў у трох землях Нямеччыны ў сакавіку, у тым ліку ў паўднёва-заходняй зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг, бастыёне кансэрватыўнай партыі. Апытаньні паказваюць, што ХДС можа там атрымаць паразу.

Але адстаўка Гутэнбэрга не азначае, што ён сыходзіць з палітыкі. Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што скандал не моцна пашкодзіў яго папулярнасьці сярод немцаў, большасьць зь якіх хацела б, каб ён застаўся на пасадзе міністра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?