Першыя магутнасці АЭС у Беларусі могуць быць уведзены ў 2013 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч па выніках нарады ў прэзідэнта Беларусі па павышэнню энергетычнай бяспекі.

Паводле яго слоў, канцэпцыя энергетычнай бяспекі прадугледжвае дату ўводу першага энергаблока - 2015 год. «Сёння прэзідэнт сфармуляваў задачу разгледзець пытанне аб тым, каб першыя магутнасці былі ўведзены ў 2013 годзе», - паведаміў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама адзначыў, што ў якасці месца будаўніцтва АЭС перавага пакуль аддаецца Краснапалянскай пляцоўцы ў Чавускім раёне Магілёўскай вобласці. «Але ўсё гэта будзе вызначацца па выніках геалагічных, экалагічных і іншых даследаванняў», - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - Калі будзе выяўлена, што сейсма- і тэктанічныя паказчыкі выклікаюць сумненні, то будзе разглядацца іншая пляцоўка».

Старшыня Прэзідыума НАН паведаміў, што разглядаўся і варыянт размяшчэння станцыі каля заходніх граніц. Паводле яго слоў, «гэта пытанне таксама актуальнае».

Прапановы вучоных па будаўніцтву ў Беларусі АЭС былі падтрыманы прэзідэнтам. «Ураду даручана ў самыя сціслыя тэрміны ўнесці адпаведныя прапановы ў Савет Бяспекі, які прыме канчатковае рашэнне», - паведаміў старшыня Прэзідыума НАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?