Пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі Амерыкі эканамічных санкцый у дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» беларускі экспарт у ЗША знізіўся амаль на мільярд долараў.

Пра гэта паведаміў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

«Паводле звестак амерыканскага ўрада, пасля ўвядзення санкцый у 2007 годзе беларускі экспарт на амерыканскі рынак знізіўся з амаль 1 млрд. 100 млн. долараў да 175 млн. долараў у 2010 годзе, — сказаў дыпламат.

«Вельмі важна звяртаць увагу не на тое, што будзем рабіць мы, а на тое, што адбываецца тут, у Беларусі», — падкрэсліў ён, гаворачы аб санкцыях. «Нашы дзеянні будуць рэакцыяй на падзеі тут, — заявіў Скэнлан. — ЗША працягваюць заклікаць да неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых і зняцця ўсіх абвінавачанняў супраць іх. Мы таксама заклікаем спыніць абуральны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, юрыстаў, палітычнай апазіцыі і членаў сем’яў затрыманых».

Акрамя таго, ЗША заклікаюць стварыць магчымасці для свабоднага выказвання палітычных поглядаў, развіцця грамадзянскай супольнасці, свабоды СМІ — усяго таго, што з’яўляецца абавязацельствамі, узятымі на сябе Беларуссю ў межах АБСЕ, сказаў часовы павераны. «І гэтыя стандарты павінны выконвацца, калі Беларусь хоча быць бліжэй да Еўропы», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Скэнлана, амерыканская «палітыка санкцый уяўляе сабой простае матэматычнае ўраўненне»: «Калі ў Беларусі будзе паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, на што мы спадзяемся, адбудзецца аслабленне санкцый. Калі будзе пагаршэнне — санкцыі ўзмоцняцца, як мы ўжо прадэманстравалі. Гэта не павінна быць навіной для беларускага ўрада, бо мы заўсёды паслядоўна прытрымліваліся такой палітыкі».

Гаворачы аб візавых санкцыях, дыпламат адзначыў, што, згодна з амерыканскім заканадаўствам, спіс неўязных — закрыты дакумент і не можа быць абнародаваны. «Але пасля 19 снежня гэты спіс папаўняўся імёнамі людзей, якія маюць дачыненне да рэпрэсій, і ён працягне папаўняцца імёнамі тых, хто мае дачыненне да так званых працэсуальных дзеянняў, што зараз ажыццяўляюцца», — сказаў дыпламат.

«Прычына, з-за якой імёны ўносяцца ў наш спіс і ў спіс ЕС, — адна і тая ж, што яшчэ раз сведчыць аб пастаяннай цеснай каардынацыі нашых дзеянняў у дачыненні да Беларусі. І, як я ўжо сказаў, спіс будзе папаўняцца імёнамі тых, хто бярэ ўдзел у пераследах», — сказаў Скэнлан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?