Кааліцыя «Беларускі выбар» пачала кампанію «Страху няма». Пра гэта было заяўлена 3 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду» Юрый Губарэвіч паведаміў, што снежаньскія падзеі і суды, якія выносяць удзельнікам акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску па тры-чатыры гады пазбаўлення волі, паказваюць, што «ўлада настроеная сур’ёзна». «Мы бачым, што мэтай усіх гэтых дзеянняў з’яўляецца стварэнне атмасферы страху ў грамадстве і прымус грамадства жыць па тых законах, якія ім дыктуе цяперашняя ўлада», — заявіў Губарэвіч.

Паводле яго слоў, перыяд лібералізацыі, які доўжыўся з сярэдзіны 2008 года і да выбараў, разнявольваў грамадства і даваў магчымасць людзям адчуць сябе свабодна. «Гэта нясе прамую пагрозу для ўлады, таму мы бачым цяпер адкат назад, мы бачым вяртанне рэпрэсій. Гэтыя рэпрэсіі скіраваныя не толькі на ўдзельнікаў акцыі 19 снежня і былых кандыдатаў у прэзідэнты, гэтыя рэпрэсіі скіраваны супраць усяго грамадства», — падкрэсліў Губарэвіч.

Зыходзячы з гэтага, сказаў Губарэвіч, ініцыятыва «Беларускі выбар» прыняла рашэнне змагацца з нагнятаннем атмасферы страху. Паводле яго меркавання, гэта павінна выяўляцца не толькі ў акцыях па падтрымцы палітзняволеных.

«Наша кампанія скіравана ў цэлым на ўсё грамадства. Мы лічым, што трэба змагацца ў цэлым з атмасферай страху, што яе можна разбураць», — заявіў Губарэвіч.

Ён адзначыў, што страх можна разбураць рознымі спосабамі: асабістым прыкладам, давядзеннем сітуацыі да абсурду, гумарам і сатырай, праявамі салідарнасці і іншымі. Усе магчымыя спосабы, паводле слоў Губарэвіча, мае намер выкарыстоўваць кампанія «Страху няма».

У кааліцыю «Беларускі выбар» уваходзяць «Рух «За Свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, Партыя БНФ і саюз «За мадэрнізацыю». Аднак, як адзначыў Губарэвіч, кампанія «Страху няма» адкрыта для любых прапаноў і ідэй па разбурэнні атмасферы страху ў краіне як ад арганізацый, так і грамадзян Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?