У інтэрв'ю іспанскай газеце El País міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі распавёў, што прыярытэтамі будучага старшынявання ягонай краіны ў ЕС стануць стымуляванне еўрапейскай эканомікі, адносіны з усходнімі суседзямі —
Расеяй і краінамі Усходняй Еўропы, а таксама ўмацаванне бяспекі і абароны краін Еўразвязу.

«Я лічу, што Еўропа развіваецца ў звышдзяржаву, а ў сучасным свеце неабходныя здольнасці мірнага характару. У ЕЗ гэта атрымліваецца лепш, чым у НАТА, — адзначыў Сікорскі. — Нягледзячы на гэта, мы праводзім і вайсковыя аперацыі, і для гэтага неабходна паляпшаць сістэму камандавання і каардынацыі. Развіццё еўрапейскіх магчымасцяў дазволіць нам пазбегнуць некаторых памылак, зробленых НАТА».

Ён падкрэсліў, што Польшча «вельмі задаволеная тым, што Расея хоча паляпшаць адносіны з ЕЗ, і Польшча выйграе ад гэтага ў першую чаргу». Ён прызнаў, што даклад МАК аб авіякатастрофе пад Смаленскам, у якой загінуў прэзідэнт Лех Качынскі, «наблізіў нас да разумення таго, што адбылося, і ўтрымліваў мноства каштоўных рэкамэндацый, аднак мы рыхтуем уласны даклад, які неўзабаве будзе апублікаваны, і мы спадзяемся, што ён папоўніць некаторыя прабелы, якія існуюць у расейскім дакуменце».

Каментуючы падзеі, якія адбыліся ў Беларусі пасьля прэзідэнцкіх выбараў, Сікорскі сказаў:

«Беларусь для Польшчы — тое самае, што Куба для Іспаніі. Еўрапейцы ўсё паспрабавалі: і санкцыі, і адкрытасць, але нам так і не ўдалося дамагчыся дэмакратызацыі краіны. Тут няма лёгкіх рашэнняў.
Мы актывізавалі дыялог, калі былі вызваленыя палітвязні і праведзеныя больш-менш прымальныя выбары, але калі кандыдатаў зноў саджаюць у турму і душаць свабоду слова, мы павінны ставіцца да беларускага народу больш велікадушна і ўзмацніць жорсткасьць санкцый супраць адказных за рэпрэсіі. Калі вязні не будуць вызваленыя, то, як сказала Кэтрын Эштан, кіраўнікам краіны ня будуць выдавацца візы, а ў адносiнах да набліжаных да рэжыму кампаній будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі». Сікорскі распавёў, што ён асабіста разам са сваім нямецкім калегам езьдзіў у Менск, каб пераканаць Лукашэнку прыняць патрабаваньні ЭЗ, аднак той не стаў іх слухаць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?