У кастрычніку-снежні гэтага года на тэрыторыю Беларусі могуць упасці абломкі нямецкага спадарожніка.

4 краіны — Германія, Польшча, Беларусь і Расія — могуць пацярпець падчас падзення спадарожніка Rosat, які знаходзіцца ў космасе з 1990 года. Вага апарата — 2,5 тоны, ён абарочваўся на вышыні 580 кіламетраў над планетай. Начынены рэнтгена-тэлескапічнай апаратурай, Rosat адкрыў у космасе больш за 125 тысяч крыніц рэнтгенаўскага выпраменьвання, здзейсніў 479 адкрыццяў у ультрафіялетавым дыяпазоне. На аснове атрыманых з гэтага спадарожніка дадзеных астраномы напісалі больш за 700 навуковых прац і манаграфій.

Тэрмін жыцця апарата быў разлічаны на 18 месяцаў, аднак Rosat спраўна праслужыў цэлых 9 гадоў. У 1999 годзе кіраванне спадарожнікам было згубленае. Цяпер апарат знаходзіцца на вышыні каля 350 кіламетраў і рухаецца па арбіце з хуткасцю да 400 км/г, паступова зніжаючыся. Згодна з разлікамі, пры ўваходжанні спадарожніка ў шчыльныя слаі атмасферы каля 1,5 тоны металу згарыць. Аднак рэшткі вагой да 1 тоны ўсё ж дасягнуць зямной паверхні — якраз на тэрыторыі Еўропы.

Найгоршы сцэнар мяркуе, што рэшткі апарату могуць абрынуцца на тэрыторыю чатырох краін: Германіі, Польшчы, Беларусі або заходняй часткі Расіі.
У найлепшым выпадку Rosat цалкам згарыць пры ўваходзе ў атмасферу. Раней на цвёрдую зямлю рэшткі касмічнай тэхнікі падалі толькі адзін раз — у ліпені 1979 года абломкі 69-тоннай амерыканскай арбітальнай станцыі Skylab упалі на бязлюдную аўстралійскую пустыню.

У цяперашні час у еўрапейскім цэнтры назірання за спадарожнікамі Esoc у нямецкім Дармштаце за Rosat устаноўленае пастаяннае назіранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?