3 сьнежня ў Вэнэсуэле адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Перамога на іх прадказальна дасталася Уга Чавэсу. Ён атрымаў 61% галасоў выбаршчыкаў, за ягонага асноўнага канкурэнта, Мануэля Разалеса, губэрнатара правінцыі Зулія, прагаласавала 38 адсоткаў. У прадчуваньні элегантнай перамогі падабенствы ў далёкай Вэнэсуэле і блізкай Беларусі шукаў аналітык GlobalRus Максім Арцем’еў.

«Восем гадоў таму першая перамога Чавэса прайшла ў Расеі амаль незаўважнай. Падзеі ў далёкай лацінаамэрыканскай краіне мала каго цікавілі. А дарма. Мала таго, што Чавэс за кароткі тэрмін вырас у фігуру сусьветнага маштабу, увайшоў, паводле сьпісу часопісу Time, у лік 100 самых уплывовых людзей сучаснасьці. Яшчэ варта зважаць на тое, што Вэнэсуэла – адзін з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў і экспартэраў нафты. І ў гэтым сэнсе ягоная краіна мае магчымасьць аказваць вялікі ўплыў на сусьветную эканоміку, а для Расеі ейны прыклад удвая павучальны. Ёсьць яшчэ адна акалічнасьць. Харызматычны Ўга Чавэс апошнія гады актыўна згартоўвае сусьветны альянс антыамэрыканскіх, антыімпэрыялістычных сілаў. У ліку айцоў-заснавальнікаў альянсу такія лідэры, як прэзыдэнты Ірану Магмуд Агмадынэджад і Беларусі – Аляксандар Лукашэнка. Пасьля паездкі Чавэса ў Беларусь сёлета ўлетку і паўторнай сустрэчы прэзыдэнтаў абедзьвюх дзяржаў восеньню ў Гаване супрацоўніцтва Менску і Каракасу мацнее на вачах. Па ўказе Чавэса ўжо вылучана 500 мільёнаў даляраў для стварэньня сумесных беларуска-вэнэсуэльскіх вытворчасьцяў. Лукашэнка пасьпяхова шантажуе Расею пагрозамі пачаць купляць нафту ў Вэнэсуэле і тамсама арганізаваць уласнае здабываньне. Чавэс наведаў палігоны беларускіх узброеных сілаў і агледзеў сучасную зброю, якую Менск атрымлівае ад Масквы, і якая можа быць перапрададзеная ў Вэнэсуэлу. Дэталі магчымага вайсковага супрацоўніцтва дьвюх краінаў ахінутыя тайнай.

Абодва лідэры – і Чавэс і Лукашэнка – знайшлі адно аднога ў няпросты для абодвух час. У беларускага прэзыдэнта відавочныя праблемы ў дачыненьнях з Расеяй. Павышэньне цаны на газ ці продаж Маскве «Белтрансгазу» непазьбежныя, і тое і другое аднолькава непрыемна для Бацькі, які прывык абыходзіцца з эканомікай краіны, як з сваёй прыватнай вотчынай. Эўропа ад яго даўно адвярнулася, і ніводную зь ейных сталіц ён наведаць ня можа. У Чавэса таксама ня ўсё добра на зьнешнепалітычным фронце. Нягледзячы на ягоныя тытанічныя высілкі, ваяжы па ўсім сьвеце, у часе якіх ён спрабаваў падкупіць кіраўнікоў краінаў Трэцяга сьвету – каго лісьлівасьцю, каго закупкамі зброі, каго пастаўкамі нафты – Вэнэсуэла ня стала членам рады бясьпекі ААН. Амэрыканцы пасьпяхова правалілі ейную кандыдатуру.

Што ж, цікава параўнаць двух гэтых лідэраў – адначасова гэткіх розных і гэткіх падобных. Іх жыцьцёвыя шляхі дзіўным чынам перагукаюцца. Абодва нарадзіліся ў 1954 годзе ў глухіх правінцыях, прычым у самых бедных вёсках. Абодва зь дзяцінства былі настроеныя на атрыманьне адукацыі, каб вырвацца з прыніжальнай беднасьці. Чавэс – мяшанай нэгрыцянска-індзейска-гішпанскай крыві, выхоўваўся бабкай з-за немагчымасьці бацькоў утрымліваць яго, а пасьля вырашыў паступаць у вайсковую вучэльню. Лукашэка – сын маці-адзіночкі, паступіў у пэдінстытут, але і ён не пазьбегнуў службы ў войску. Першы раз па прызыве, а потым яшчэ два гады служыў ужо добраахвотна афіцэрам, пасьля таго як цывільная кар’ера спачатку не заладзілася.

Магчыма, менавіта ў войску ў іх зарадзілася любоў да парадку, да простых рашэньняў, вера ва ўсёмагутнасьць загаду. Чавэс, калі быў кадэтам, дадаткова набраўся рознай рэвалюцыйнай лухты, вельмі папулярнай тады, у 70-я гады, спаміж маладых афіцэраў – традыцыйных рухальнікаў рэвалюцый і пераваротаў у Лацінскай Амэрыцы. Сьпярша кар’ера будучых аратараў і рэвалюцыянэраў разгортвалася даволі празаічна – панылася служба па гарнізонах у Чавэса і марненьнне ў Шклоўскім раёне ў Лукашэнкі. Адметна, што Чавэс служыў у батальёне, прызначаным для барацьбы з паўстанцамі. У веку трыццаці шасьці-трыццаці васьмі гадоў абодва зрабілі рэзкі скачок у сваёй кар’еры, імкліва ўзьляцелі ўверх і прыцягнулі ўвагу грамадзкасьці сваіх краінаў. Лукашэнка ў 1990 годзе выйграў выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі, годам раней на сьціплай пасадзе дырэктара калгасу ледзьве не перамог на выбарах у ВС СССР прэм’ера Кебіча. У парлямэнце ён атрымаў агульнанацыянальную трыбуну, цалкам раскрыў свой талент ці то аратара, ці то дэмагога і, адначасова, цёртага і хітрага палітыка, майстра закулісных камбінацый.

Чавэс, які стварыў таемную арганізацыю левых афіцэраў, зьдзейсьніў у 1992 годзе спробу дзяржаўнага перавароту, захапіўшы ў сталіцы шэраг найважнейшых будынкаў. Яму не ўдалося захапіць прэзыдэнцкі палац, і ён, абкружаны войскамі, якія засталіся вернымі ўраду, здаўся, але ў абмен атрымаў права зьвярнуцца да народу па агульнанацыянальным тэлебачаньні. З гэтага моманту ягонае імя стала сымбалем надзеі для мільёнаў вэнэсуэльскіх беднякоў, якія нічога не атрымалі ад нафтавага буму.

1994 год стаўся для Лукашэнкі і Чавэса годам новага пад’ёму. Першы, усім на дзіва, быў абраны на прэзыдэнта. Правінцыйны дырэктар саўгасу, папулісцкі змагар з карупцыяй, званы «беларускім Жырыноўскім», сеў у крэсла дзяржавы, якая валодала на той момант ядравай зброяй. Гэта стала магчымым дзякуючы шоку беларусаў ад распаду СССР і нястрымным абяцаньням выбаршчыкам. Чавэса ў той год выпусьцілі з турмы, пакараўшы за пераварот і гібель чатырнаццаці салдат чыста сымбалічна. На волі ён адразу ж узяўся за арганізацыю ўласнай палітычнай партыі – Руху за пятую рэспубліку – і папулярызацыі ўласнага «ізму» – «баліварыянізму». У 1998 годзе на хвалі шалёнага папулізму ва ўмовах расчараваньня выбаршчыкаў у існай дзьвюхпартыйнай сыстэме, таемна спансаваны замежнымі банкамі (пры ягонай актыўнай антыкапіталістычнай рыторыцы!), Чавэс таксама быў абраны прэзыдэнтам.

Абодва лідэры, калі прыйшлі да ўлады, перш-наперш памянялі канстытуцыі. Лукашэнка разагнаў абрыдлы яму парлямэнт і атрымаў канстытуцыю, якая надзвычай узмацніла ягоныя паўнамоцтвы і прадоўжыла іх тэрмін. Чавэс таксама ўмацаваў інстытут прэзыдэнцтва, атрымаў магчымасьць пераабраньня і павелічэньне тэрміну мандату. Лукашэнка памяняў герб і сьцяг. Чавэс перайменаваў Вэнэсуэлу ў «Баліварыянскую» рэспубліку. Розьніца была ў тым, што ў Менску з аднапалатнага парлямэнту зрабілі дзьвюхпалатны, а ў Каракасе – наадварот.

І Лукашэнку і Чавэса ледзьве не адхілілі ад пасадаў за надта палкі старт. Увосень 96-га толькі ўмяшальніцтва Расеі выратавала беларускага прэзыдэнта ад разьятранай апазыцыі, за якой тады ішлі дзясяткі тысяч дэманстрантаў і большасьць парлямэнтараў. Увесну 2002-га ў выніку сумесных дзеяньняў сотняў тысячаў дэманстрантаў і расчараваных вайскоўцаў Чавэс нават быў зрынуты на пару дзён і адпраўлены ў зьняволеньне. Адтуль яго з трыюмфам вярнулі іншыя дэманстранты й іншыя вайскоўцы.

З таго часу ў абедзьвюх дзяржавах запанаваў адносны спакой, апазыцыя правальвалася на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах і не прыносіла непакою ўладам. Чавэс і Лукашэнка змаглі больш увагі надаваць замежным праблемам.

Сучасны сьвет далёка не аднапалярны. Да Чавэса далучаецца ўсё больш аднадумцаў. Балівію, а цяпер вось і Эквадор узначалілі ягоныя пасьлядоўнікі. Пазыцыі ЗША на іх паўднёвых межах слабеюць. Чавэс ідзе па звыклым для Лацінскай Амэрыкі шляху, выкарыстоўвае антыамэрыканскую рыторыку, на якую заўсёды добра клююць.

Лядашчы Кастра перадаў сваё жазло антыімпэрыялізму паплечніку ў Вэнэсуэле, і цяпер за ім ідуць і Лукашэнка ў Эўропе, і Агмадынэджад у Азіі. Шматмільярдныя даходы ад продажу нафты Чавэс зь лёккасьцю траціць на дапамогу Кубе й іншым сатэлітам, фінансуе сваіх падзьвіжнікаў па ўсёй Лацінскай Амэрыцы і сьвеце.

Лукашэнка, якога заганяе ў тупік цьвёрдая пазыцыя Расеі наконт сусьветных цэнаў на энэрганосьбіты, гатовы атрымліваць нафту зь іншага кантынэнту ў абмен на зброю. Яму таксама важна мець магчымасьць езьдзіць у замежныя паездкі куды-кольвек, апрача Масквы. Яго сардэчна прымаюць у Гаване, Каракасе, Тэгеране (які таксама мае нафту), чым ліюць бальзам на ягоныя душэўныя раны.

Так што ня маюць рацыі тыя, хто зь лёккасьцю сьпісваюць «Луку» ў архіў гісторыі. Няправыя й тыя, хто кажа пра «канец гісторыі» і трыюмф лібэральных ідэй. Палітыка тым і цікавая, што непрадказальная і што ў ёй магчымыя самыя неверагодныя камбінацыі. Дуга Каркас-Менск зь іх ліку», – падсумоўвае GlobalRus.ru.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?