Лукашэнкаўскае агенцтва БелТА надрукавала вытрымкі з інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі амерыканскай газеце «Вашынгтон пост». БелТА перадрукавала не ўсе выказванні Лукашэнкі.
Напрыклад, гаворачы аб прэзідэнцкіх выбарах, Лукашэнка заяўляе: «Пытанне ў тым, што кандыдаты гаварылі. Яны казалі, што Лукашэнку трэба павесіць» [на самой справе ніводзін кандыдат такога не казаў — НН].

У іншым моманце журналістка спыталася аб пары зняволеных, у якіх ёсць трохгадовы сын.

Лукашэнка адказаў, што «не ведае такіх выпадкаў», і перапытаўся ў журналісткі, пра каго гаворка, маўляў, ён не ведае такіх сем’яў, у якіх дзіця засталося б без нагляду. Калі журналістка паказала, што ведаю сітуацыю, адказала, што гаворка пра Халіп і Саннікава. Лукашэнка на гэта сказаў, што «праверыць гэтую інфармацыю і дасць загад праверыць»
[раней Лукашэнка заяўляў, не называючы прозвішчаў, што яны тым дзіцем і не займаліся — займаліся палітыкай і бадзяліся па свеце, а дзіця расло ў бабулі з дзядулем]. Пазней у тым самым інтэрв’ю Лукашэнка назваў Саннікава й Халіп галоўнымі арганізатарамі Плошчы і прызнаў, што Халіп сядзела, а пасля яе выпусцілі.

Журналістка завяла таксама гаворку пра рэгістрацыю, дакладней, масавую нерэгістрацыю грамадскіх аб’яднанняў. Лукашэнка адказаў ёй, гледзячы ў вочы, што ніякіх праблемаў тут няма.

«Гэта няпраўда, — не вытрымала журналістка. — Як наконт Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі?».

«У Беларусі Хрысціянская Дэмакратыя, можа, ніколі не будзе зарэгістраваная. Яны ўдзельнічалі ў бунце. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты», —
адказаў тады Лукашэнка.

На пытанне «Чаму вы выгналі амерыканскага пасла ў 2008 годзе?» Лукашэнка адказвае: «Нашто нам патрэбны пасол, які арганізуе дзеянні пятай калоны?»

У астатнім Лукашэнка быў звыкла дэмагагічным. Ён заявіў, што дэмакратыі ў Беларусі больш, чым у ЗША, і вучыў амерыканцаў жыць.

Ён то наскокваў, то плакаўся, адзначае газета ва ўступе да тэксту інтэрв’ю.

«Скажыце амерыканцам, што мы высокай думкі пра іх. Мы ніколі не будзем будаваць жалезнай заслоны, каб амерыканцы ў Беларусь не прыязджалі», — сказаў Лукашэнка ў канцы гутаркі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?