«Гаспадзін прэзідзент, што за правакацыя? Как в этам спіске с врагамі нацыі мог аказацца я?»

Вакаліст гурту «Тараканы!» Дзмітрый Спірын запісаў і выклаў на Ю-туб сатырычную песню «Письмо Прэзыденту». Так музыка адрэагаваў на інфармацыю пра з’яўленне чарговага «чорнага спісу» дзеячоў беларускага і сусветнага мастацтва, чые імёны нібыта забаронена згадваць у дзяржаўных СМІ Беларусі. У спіс, які з’явіўся ў Сеціве, уключаныя і «Тараканы!».

«Гаспадзін прэзідзент, што за правакацыя? Как в этам спіске с врагамі нацыі мог аказацца я? Вы мудрэйшый мудрец, велічайшый із всех. Прыкажыце разабрацца, не беріце на душу грех», — Дзмітрый Спірын звяртаецца да Лукашэнкі на трасянцы. Пры гэтым ён называе яго не Аляксандрам, а Аляксеем.

Ён дэманстратыўна адмяжоўваецца ад «калегаў» па спісе, спяваючы, што «Шэвчук мне не брат», а ва ўсім вінаваты Міхалок — «Эта всё Міхалок, он адзін вінават. Я бы хацел, чтобы его іспепеліл ваш суровый взгляд».

За некалькі дзён «Письмо Прэзыденту» паглядзелі на Ю-тубе больш за 6 тысяч чалавек. А на наступны дзень пасля яе з’яўлення ў Сеціве Спірын выступіў на блогу гутру з афіцыйным абвяржэннем, у якім заявіў, што «Письмо Прэзыденту» — гнюсная фальшыўка.

«Мы не маем ніякіх адносін да гэтай бессаромнай правакацыі, падробкі, створанай подлым двайніком нашага вакаліста, і, хутчэй за ўсё, на грошы ЦРУ. Пра гэта, дарэчы, сведчыць няправільнае імя прэзідэнта, якое намагаецца пець у сваёй так званай песні гэты, з дазволу сказаць, спявак.

Мы ў гурце цудоўна ведаем, як насамрэч завуць прэзідэнта самай народнай дэмакратыі ў свеце», — зачытвае абвяржэнне Спірын.

Нагадаем, што ў пачатку сакавіка ў Сеціве з’явіўся спіс забароненых да згадвання ў афіцыйных СМІ дзеячоў беларускага і сусветнага мастацтва. У «Нашу Ніву» спіс трапіў электроннай поштай ад супрацоўніка аднаго з дзяржаўных СМІ. Па яго словах, гэты спіс без пячатак і без подпісаў пад распіску выдалі ўсім рэдактарам найбуйнейшых афіцыйных СМІ і FM-радыёстанцый. У спіс уключаны беларускія, расійскія і заходнія прадстаўнікі кіно, музыкі, мастацтва. Сярод іх — «Ляпіс Трубяцкі», «Крама», NRM, «Палац», «Нейра Дзюбель», Зміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, увесь калектыў «Свабоднага тэатра», пісьменнікі Вольга Іпатава, Генадзь Бураўкін, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, драматург Уладзімір Халіп. З расійскіх зорак — ДДТ, «Наіў», «Тараканы», пісьменнік Андрэй Бітаў, Віктар Ерафееў, з заходніх кіназорак — Джуд Лоў, Кевін Спэйсі ды інш, драматург Том Стопард.

На наступны дзень пасля з’яўлення спісу на яго публікацыю ў недзяржаўных СМІ адрэагаваў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі, які назваў яго «гнюснай фальшыўкай».

Тым не менш, 4 сакавіка стала вядома, што гомельскі канцэрт гурту «Ляпіс Трубецкой» можа быць адменены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?