Андрэй Пачобут звярнуўся да генпракурора Рыгора Васілевіча.

Генеральнаму Пракурору Рэспублікі Беларусь

Васілевічу Рыгору Аляксеевічу

Спадар Генеральны Пракурор!

Звярнуцца да вас з заявай вырашыў толькі таму, што даведаўся, што вы — доктар юрыдычных навук, прафесар і заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. Апошняе званне прысвоена ў далёкім 1994 годзе, калі права яшчэ нешта значыла на прасторах нашай Радзімы і адпаведна яго, то бок беларускага права, лёс не павінен быць вам абыякавы.

Такім чынам, да сутнасці праблемы. 11 лютага судом Кастрычніцкага раёна г. Мінска я быў прызнаны вінаватым у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 19 снежні 2010 года.

Адкінем у бок і тое, што я журналіст, які выконваў там сваю працу, і тое, што суд, адмовіўшыся задаволіць цэлы шэраг маіх хадайніцтваў, фактычна пазбавіў мяне права на абарону ... Пакінем, што называецца, голыя факты.

Паводле рашэння суда, я быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў 21.45, каля будынка Мінгарвыканкама. Як вы верагодна ведаеце, дзверы ў Доме ўрада былі пашкоджаны ў 22.21, а зачыстка плошчы Незалежнасці спецпадраздзяленнямі і затрыманні праводзілася з 23.05 да 23.30 («Советская Белоруссия» «За кулісамі аднай змовы» 15 студзеня 2011 года). І адпаведна затрыманы я быў пасля 23.00. Суд «на такую дробязь» як час затрымання належнай ўвагі не звярнуў, стварыўшы сваім рашэннем юрыдычны казус.

Справа ў тым, што 12 студзеня пасля ператрусу ў маёй кватэры я быў затрыманы супрацоўнікамі УКДБ па Гродзенскай вобласці і дастаўлены ў будынак УКДБ па адрасе Тэльмана, 3 у Гродне. Там я быў дапытаны ў якасці сведкі па крымінальнай справе, распачатай паводле падзей 19 снежня. На пытанне следчага УКДБ маёра Івана Стойліка, што дапытваў мяне, «Ці бачыў я, як разбівалі дзверы ў Доме ўрада і ці магу я назваць тых, хто гэта рабіў?», я адказаў, што бачыў, як разбівалі дзверы і вокны, але нікога з гэтых асоб не ведаю.

А зараз вернемся да рашэння суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска. Калі я быў затрыманы ў 21.45, то як я мог бачыць, як білі вокны ў Доме ўрада ў 22.21? Спадар пракурор, не трэба быць доктарам, прафесарам і заслужаным юрыстам, каб зразумець, што гэта не магчыма. Ці я быў затрыманы ў 21.45, ці бачыў, як білі вокны ў 22.21. Іншага не дадзена.

Мяне, не доктара, не прафесара і тым больш не заслужанага, але ўсё ж юрыста па адукацыі і журналіста па прызначэнні не пакідае абыякавая гэты прававая неспадзяванка. Таму будзьце ласкавы, спадар Генеральны Пракурор, альбо прынесці пратэст на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска, альбо распачаць у дачыненні да мяне крымінальную справу за дачу загадзя ілжывых паказанняў.

Веру, што ваша сумленне юрыста, хоць у гэтым канкрэтным выпадку, падкажа вам правільнае рашэнне і ПРАЎДА, а за ёй і ПРАВА перамогуць.

А. Пачобут

Журналіст, выпускнік юрыдычнага факультэта ГрДУ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?