Галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юрый Базан, photo.bymedia.net

Галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юрый Базан, photo.bymedia.net

Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі прызнаў папярэджанне Мінінфармацыі, вынесенае на адрас «Аўтарадыё», несапраўдным.

Такое рашэнне вынес 9 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд па разборы справы «Аўтарадыё» і Міністэрства інфармацыі. Таксама Міністэрства інфармацыі павінна выплаціць «Аўтарадыё» 700 тыс. рублёў кампенсацыі.

Пасля мінулага пасяджэння па справе «Аўтарадыё» суддзя Валерый Шобік запатрабаваў прысутнасці на працэсе дырэктара Інстытута літаратуры Аляксандра Лукашанца, які выступіў у якасці спецыяліста па лінгвістыцы. Аднак даследаванне Лукашанца не адпавядала судовым патрабаванням: ён аналізаваў не ўвесь тэкст, а толькі сумна вядомую фразу «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы». Астатнія восем фразаў ва ўлік не прымаліся. У дадатак аналізаваў Лукашанец не сам ролік, а толькі надрукаваны на паперцы тэкст, што цалкам апускае такую важную асаблівасць, як гучанне і інтанацыя. Сам спадар Лукашанец пагадзіўся з гэтым, а таксама зазначыў, што адкрыты заклік у тэксце маглі пачуць не ўсе слухачы, а толькі тыя, хто добра валодаў кантэкстам прэзідэнцкай кампаніі. Міністэрства інфармацыі правяло аналогію паміж фразай пра кухні і плошчу і фразай «Расія для расейцаў» якая таксама не з’яўляецца заклікам, але пры гэтым у агульнавядомым кантэксце набывае менавіта такую афарбоўку.

Пры гэтым трэба ўлічыць, што нават калі фраза і заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу (што даказаць складана), дык пра масавыя беспарадкі гаворкі дакладна не ідзе.

У дадатак Міністэрства будавала сваю абарону сярод іншага на тэрміналогіі двух паралельных законаў, адзін з якіх ужо не дзейнічае. Сюды ж імкнуліся далучыць і парушэнне Закона аб масавых мерапрыемствах. Але не атрымалася. Каб даказаць экстрэмізм, трэ было б знайсці чалавека, які пайшоў на Плошчу менавіта паслухаўшы выступ Саннікава на «Аўтарадыё». Такім чынам, пазіцыя Міністэрства рассыпалася на вачах падчас сённяшняга паседжання.

Нагадаем, што 12 студзеня вяшчанне «Аўтарадыё» было прыпынена пасля спынення дзеяння дазволу на права выкарыстання радыёчастотнага спектру і забарону на эксплуатацыю радыёэлектронных сродкаў.

Прадпісанне вынеслі на падставе рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні 188/11 ад 11 студзеня 2011 года за подпісам старшыні камісіі міністра інфармацыі Праляскоўскага.

Камісія палічыла, што ў эфіры «Аўтарадыё» распаўсюджвалася інфармацыя, у якой змяшчаліся публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці.

Падставай для закрыцця ФМ-станцыі стала фраза «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы», якая ўтрымлівалася ў агітацыйным роліку кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Бакі спрачаліся, ці з’яўляецца гэта фраза заклікам прыйсьці на канкрэтную плошчу ў пэўны час, і ці можа быць яна ў пэўным кантэксьце заклікам для экстрэмісцкай дзейнасці.

Пазней сёння было знята і другое папярэджанне -- за парушэнне творчай канцэпцыі.
Такім чынам абодва працэсы скончыліся на карысць "Аўтарадыё". Рашэнне суда ўступіць у сілу цягам пяці дзён.
Юрый Базан пракаментаваў для "НН" сваю перамогу ў судзе: Цяпер наш выхад у эфір залежыць ад Міністэрства сувязі.
Праз пяць дзён мы атрымаем паперу з рашэннем ад суда і адразу ж звернемся да Міністэрства сувязі. Закрылі нас за адзін дзень, цяпер паглядзім, як хутка пусцяць назад. У прынцыпе, рашэнне суда ўжо дзейнічае. Але Міністэрства інфармацыі можа падаць апеляцыю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?