Пралукашэнкаўскі сацыёлаг, кіраўнік аналітычнага цэнтру «ЕСООМ» Сяргей Мусіенка пракаментаваў рашэнні судоў па справах Мядзведзя, Брэуса і Гапонава.

«Наша Ніва»: Чаму прысуды мякчэйшыя ў параўнанні з мінулымі?

Сяргей Мусіенка: Гэта рашэнне суда. Калі яно камусьці не падабаецца, то можа абскарджваць. Але, ведаеце, і справа з «Аўтарадыё», і з сённяшнімі працэсамі — гэта пазітыўная тэндэнцыя. Ніхто не можа мець абсалютную рацыю на безальтэрнатыўнай аснове. Судам гэта таксама будзе навука, што да працэсаў трэба лепш рыхтавацца, больш дэталёва. Як па мне, то гэта нармальнае рашэнне. Я і раней меркаваў, што наступныя прысуды будуць мякчэйшыя.

«НН»: А астатнія вязні ізалятараў таксама могуць быць вызваленыя?

СМ: Я больш чым перакананы, што працэсы будуць спакойнымі. Назіральнікаў жа не проста так запрасілі на працэсы. Судам няма сэнсу займаць нявыгадную пазіцыю, быць заангажаванымі. Я думаю, што супрацоўніцтва больш выгаднае за канфрантацыю. Весці дыялог з еўраструктурамі больш правільна. А то тут зараз толькі нейкія санкцыі ўводзяць. Мяркую, наступныя рашэнні судоў будуць больш узважаныя.

«НН»: Сённяшнія прысуды не звязаныя з пагаршэннем справаў у эканоміцы?

СМ: Гэта мала звязаныя рэчы. А з чаго вы ўзялі, што стан эканомікі пагаршаецца? Можа, калі б у эканоміцы справы ішлі кепска, то і прысуды былі б больш жорсткія. Мне проста здаецца, што здаровы сэнс павінен перамагчы з абодвух бакоў.

«НН»: Прысуд расіянам — гэта спроба не сапсаваць адносіны з усходняй суседкай?

СМ: Разумееце, пазіцыі больш выважваюцца. Вядома, што справы маюць палітычны кантэкст, звязаны з выбарамі, з наступнымі санкцыямі. І прымаючы рашэнні, трэба таксама думаць пра іх наступствы.

«НН»: На Ваш погляд, Мінск і Еўрасаюз яшчэ маюць шанцы аднавіць нармальныя стасункі?

СМ: Яны не былі страчаныя нават у першы дзень. Давайце прызнаемся, што ніхто з нашых і ніхто з еўрапейцаў не хацеў чуць адно аднога. Трэба ствараць нейкую рабочую групу сумесную, як было па справе Бябеніна. Нічога страшнага ў гэтым няма. Чым больш мы супрацоўнічаем, тым лепш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?