Заўтра ўступаюць у законную сілу прысуды асуджаным удзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 снежня Зміцеру Новіку і Аляксандру Малчанаву.
Іх абвінавацілі ў масавых беспарадках па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу і пакаралі пазбаўленьнем волі на тры з паловай і тры гады адпаведна.

Паколькі яны прынялі рашэньне не падаваць касацыйныя скаргі, 12 сакавіка завяршаецца 10-дзённы тэрмін для абскарджваньня прысудаў. Папярэдне вядома, што Зміцера Новіка накіруюць для адбываньня пакараньня ў папраўчую калонію «Віцьба-3», а Малчанава — у Бабруйскую калонію.

Аляксандр Атрошчанкаў, якога 2 сакавіка асуділі на чатыры гады пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, падаў касацыйную скаргу і чакае даты яе разгляду ў судзе.

Раней абскардзіў рашэнне суду яшчэ адзін асуджаны за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў. Судом Фрунзенскага раёна Менску ён быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Зараз Парфянкоў таксама чакае судовага рашэньня. Па звестках праваабаронцаў, яго мусяць накіраваць ў калонію ў Оршы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?