У канцы лютага ва Украіне знік Дырар Абу-Сісі, тэхнічны дырэктар электрастанцыі Газы,
паведамляе карэспандэнт са спасылкай на інтэрнэт-выданне NEWSru.co.il.

Абу-Сісі прыбыў у краіну ў канцы студзеня 2011 года.

Паводле інфармацыі СМІ, ён раней паведамляў, што ўкраінскія ўлады адабралі ў яго пашпарт, але дакумент яму вярнулі незадоўга да знікнення. Дырэктар электрастанцыі знік у ноч на 19 лютага з цягніка, які рухаўся з Харкава ў Кіеў.

Грамадзянка Украіны Вераніка Абу-Сісі, жонка зніклага, абвінаваціла ізраільскую разведку МАСАД у датычнасці да выкрадання мужа. Яна казала таксама, што яе муж знаходзіцца на дзяржаўнай службе і ніяк не звязаны з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Па словах жонкі, яе муж не адносіцца да ліку багатых бізнэсоўцаў і наўрад ці мог прыцягнуць увагу злачынцаў.

Праваднікі цягніка спачатку паведамілі, што два невядомых звялі Абу-Сісі, паказаўшы яму дакументы супрацоўнікаў спецслужбаў. Аднак затым праваднікі адмовіліся даваць паказанні і заявілі, што ў цягніку не адбылося нічога экстраардынарнага і ніякіх выкраданняў не было.

Варта адзначыць, што вядомы блогер Рычард Сілверстайн пісаў у пачатку сакавіка, што атрымаў ад ізраільскай крыніцы пацверджанне чутак аб датычнасці спецслужбаў Ізраіля да выкрадання Абу-Сісі. Сілверстайн сцвярджаў, што МАСАД выкраў дырэктара электрастанцыі і перавёз у Ізраіль, дзе ўтрымлівае яго пад вартай.

Ізраільская газета «Едзіот Ахронат» паведаміла 6 сакавіка аб гэтым здарэнні. Вераніка Абу-Сісі расказала газеце, што яны з мужам і шасцю дзецьмі збіраліся пакінуць Газу раз і назаўсёды, перабраўшыся ва Украіну.

25 лютага Міністэрства ўнутраных справаў Палесцінскай аўтаноміі накіравала афіцыйны зварот да кіраўніка МУС Украіны з нагоды знікнення 42-гадовага Дырара Мусы Абу-Сісі.

У гэтым звароце адзначалася, што Абу-Сісі нарадзіўся ў 1969-м у Іярданіі, з’яўляецца дыпламаваным электратэхнікам, акрамя таго мае навуковую ступень Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (абараніў дысертацыю ў 1999-м).

У афіцыйных паведамленнях не згадваецца пра членства Абу-Сісі ў Руху ісламскага супраціву (ХАМАС) або іншай тэрарыстычнай арганізацыі. Аднак, як правіла, пасля чэрвеня 2007 на адказных пасадах у Газе працуюць прыхільнікі ХАМАСа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?