У пятніцу ў Палацы мастацтва ў Мінску адкрылася выстава суполкі «Пагоня». Шэсць прац з яе экспазіцыі былі зняты напярэдадні з ідэалагічных прычын.

Аляксей Марачкін. Здані (пераможцы). У арыгінале палатно каляровае.

Аляксей Марачкін. Здані (пераможцы). У арыгінале палатно каляровае.

Як паведаміў НН старшыня суполкі мастак Аляксей Марачкін, не дазволілі выстаўляць яго дзве карціны, тры плакаты Уладзіміра Крукоўскага і палатно Віктара Мікіты. На пяці працах прысутнічае нацыянальная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг альбо герб «Пагоня». А карціна Марачкіна «Здані (пераможцы)» прысвечана падзеям 19 снежня 2010 года.

Хто выступіў у ролі цэнзараў? «Кіраўніцтва Саюза мастакоў», — адзначыў Аляксей Марачкін.

Ён не стаў удакладняць прозвішчы.

Выстава прымеркавана да 20-годдзя мастакоўскай суполкі. Гэты гурток запачаткаваў плынь у мастацтве, якую крытыкі назвалі «гістарычным рамантызмам».

У майстэрні ідэолага гэтае супольнасці, Яўгена Куліка, што месцілася на галоўным праспекце Мінска насупраць КГБ, у 1960-я ўтварыўся нефармальны нацыянальны гурток, што, паводле месцазнаходжання, зваўся «На паддашку». Мастакі, якія там збіраліся, былі адкрытыя новым павевам у мастацтве. Адначасова яны вярталі з нябытц даўнейшыя жанры, напрыклад, маляваныя дываны, альбо «сармацкія» партрэты. У эксперыментах бралі ўдзел Марачкін, Маркавец, Басалыгі, Купава, Крукоўскі ды іншыя.

Гэтак вынаходзілася арыгінальная пластычная мова. З’явіліся як адкрыцці, партрэты Луцкевіча, Дуніна-Марцінкевіча, Вітаўта, іншых гістарычных персанажаў. Гэтыя творы ведае цяпер кожны беларус. Дзякуючы сябрам «Пагоні», у культуру былі вернутыя імёны Язэпа Драздовіча, Пётры Сергіевіча, Алены Кіш.

Адлік дзейнасці гэтай групы мастакоў можна весці ад 1976 г., калі адбылася выстава да 100-годдзя з дня нараджэння Цёткі.
Уласна ж творчая суполка «Пагоня» была ўтвораная ў 1990 годзе ў складзе Саюза мастакоў «дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу, ягонага духоўнага, культурнага і дзяржаўнага адраджэння».
Чынны ўдзел у дзейнасці суполкі ад пачатку бралі Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Купава, Уладзімір Крукоўскі, Георгі Скрыпнічэнка, Генадзь Драздоў, Уладзімір Сулкоўскі, Юры Піскун, Алесь Шатэрнік.
Творцы «Пагоні» стварылі тыя вобразы беларусаў і Беларусі, па якіх мы пазнаём сябе.
Праз ілюстрацыі ў школьных падручніках, праз аздобы кнігаў класікаў, праз клішэ, што былі запушчаныя ў масавую культуру. Менавіта сябры «Пагоні» Крукоўскі, Кулік і Талбузін сталі стваральнікамі дзяржаўнае сімволікі незалежнай Беларусі ў 1991-м!

У сённяшняй экспазіцыі запланаваная дэманстрацыя твораў 60 мастакоў рознага ўзросту і розных творчых манераў. Сярод іншых такія славутыя майстры, як Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Георгі Скрыпнічэнка. Сюжэты твораў не толькі гістарычныя, многія адлюстроўваюць падзеі сучаснасці.

Як заўжды ў «Пагоні», выстава прымеркаваная да Дня Волі, і будзе даступная для прагляду да канца месяца. Пабачым. Трэба пабачыць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?