Трое актывістаў кампаніі «Гавары праўду» прыйшлі 11 сакавіка да дома па вуліцы Велікаморскай, 30, дзе ўтрымліваецца пад хатнім арыштам Уладзімір Някляеў.

Пад вокнамі кватэры Някляева яны разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг і пачалі скандаваць лозунгі «Свабоду Някляеву!», «Жыве Беларусь!», «Паэта не зламаць!», «Пракопавіч, мы вас любім!», «Гаворым праўду!», «Хутка канец прыйдзе гэтаму гета, калі дыктатура баіцца паэта!»,«Рукі мы свае не склалі. Вы трымайцеся, мы — з вамі!» і іншыя.

Удзельнікі акцыі патлумачылі, што яе мэта — салідарнасць, падтрымка лідара кампаніі Уладзіміра Някляева. Адзін з актывістаў Яўген Корсак сказаў, што Някляеву нельга падыходзіць да вокнаў, але «мы спадзяёмся, што ён нас пачуе, што кампанія «Гавары праўду» працягваецца».

Акцыя цягнулася некалькі хвілінаў. Міліцэйская машына праехала па вуліцы, калі яе ўдзельнікі ўжо сышлі. Нікога з актывістаў не затрымалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?