Алесь Міхалевіч выйшаў з дому на звычайную сустрэчу, але назад ужо не вярнуўся. Для яго жонкі Міланы гэта было нечакана. Магчымы ад’езд за мяжу яны з мужам не абмяркоўвалі. Рашэнне, відаць, ён прыняў імкліва, пасля нейкай з сустрэч, кажа Мілана.

«Я лічу, што калі мой муж так паступіў, значыць у яго былі сур’ёзныя падставы так паступіць. Мы проста не паспелі абмеркаваць гэта».

Мілана нават не развіталася з мужам. Калі Алесь выходзіў з дома, нават не планаваў нікуды ехаць.

«Ён калі выходзіў з дому не збіраўся кудысьці ехаць. Пайшоў на звычайныя свае сустрэчы.

Апошні тыдзень у яго быў стандартны працоўны графік. Развіталіся як звычайна. Падзеі 19 снежня навучылі мяне, што з чалавекам трэба развітвацца так, як быццам гэты дзень можа стаць апошнім. Так мы кожны раз і развітваліся. Увечары ў нядзелю пасля 17 мне паведамілі сябры, што ў яго атрымалася пераехаць мяжу.

Ён пакінуў усе рэчы, тэлефон, нічога не браў, як стаяў так і паехаў».

Абставінаў пераезду мяжы Мілана Міхалевіч не ведае, але тыя версіі, што былі агучаныя раней у прэсе, называе фантастычнымі.

«Мне самой цікава даведацца было б пра тое, як, куды і з кім ён здолеў выбрацца з краіны. Асабліва пасля некалькіх фантастычных версій, якія мне паспелі агучыць. Але я падрабязнасцяў не ведаю.

Ён у бяспечным месцы зараз, і мне гэтага дастаткова».

Навіна пра ад’езд Міхалевіча за мяжу была нечаканай і для Міланы, і тым больш для адвакатаў. Пасля сустрэчы з адвакатамі стала вядома толькі тое, што Аляксея могуць аб’явіць у вышук і адмяніць змякчэнне меры стрымання. З боку следчых да Міланы ніякіх зваротаў пакуль не было.

«Пакуль што ніякіх кантактаў не было. Зараз адвакаты прыйшлі, як запланавана, бо для іх, як і для мяне гэта было нечаканай навіной».

Ці будзе следства аказваць ціск на сям’ю палітыка, пасля таго як ён апынуўся ў месцы недасяжным для КДБ? Пра гэта Мілана пакуль не думае.

«Мне даволі складана ўявіць сабе, што яны могуць прыдумаць. Здаецца за гэтыя пару месяцаў паспрабавалі ўсё. Я пра гэта зараз не думаю».

Па словах Міланы, калі Алесь пагадзіўся супрацоўнічаць з КДБ, ён адразу ведаў, што робіць гэта, каб выйсці і распавесці пра катаванні. Рашэнне прымаў сам, але тады жонцы паведаміў. Гэтым разам Мілана зусім нічога не ведала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?