Мінскай міліцыі пакуль не ўдалося затрымаць групу махляроў-гіпнатызёраў. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

Нагадаем, 12 сакавіка ў экстранным парадку было аб’яўлена, што ў сталіцы дзейнічаюць незвычайныя махляры. Яны, уводзячы ахвяру ў транс, пад выглядам дарагога посуду прапаноўваюць набыць фальшыўкі, і людзі пагаджаюцца зрабіць гэта.

У той жа час, паводле слоў Ластоўскага, 14 сакавіка на сайт ГУУС

прыйшло паведамленне ад мінчанкі, бабуля якой напярэдадні ледзь не пацярпела ад дзеянняў махляроў.

Яна расказала, што сярод дня на вуліцы Сурыкава «дзейнічала банда махляроў, прапаноўваючы набыць сталовы посуд па недарагой цане бабулі-пенсіянерцы». Паводле слоў жанчыны, малады чалавек цыганскай знешнасці назваўся венграм, сказаў, што ляціць у Венгрыю праз гадзіну і тэрмінова патрэбны грошы. У машыне (як мяркуецца, гэта быў новы «Фальксваген Пасат» белага колеру) знаходзіліся яшчэ двое мужчын, таксама цыгане. Узрост — 25–30 гадоў. Адзін — з залатой завушніцай у вуху. «Бабулю ўвялі ў транс. Калі прыйшла дамоў, паводзіла сябе неадэкватна, хацела што б там ні было купіць гэты посуд, ледзь угаварылі ад гэтай авантуры дзякуючы таму, што раніцай прачыталі інфармацыю на сайце і былі папярэджаныя», — напісала ўдзячная мінчанка.

Як паведамлялася раней, 11 сакавіка ў міліцыю звярнуўся жыхар Савецкага раёна Мінска, які расказаў, што да яго пад маркай рэалізацыі дарагога посуду прыйшоў нейкі замежны грамадзянін. Пры гэтым візіцёр ужыў гіпноз, і ахвяра апрытомнела толькі пасля таго як махляр сышоў.

На руках у пацярпелага апынуўся незразумелай якасці посуд, а ў махляра — прыкладна паўтары тысячы долараў.

Міліцыя заклікае грамадзян быць пільнымі і папярэджвае, што такія махлярскія дзеянні цяжка даказаць, паколькі злачынца «выцягвае ахвяру на псіхалагічны кантакт, і яна сама аддае грошы, добраахвотна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?