Адкрыцьцё выставы ў Музэі сучаснага мастацтва. Пэрформанс Аляксея Фёдарава і Андрэя Шапарава.

Фота Андрэя Лянкевіча

      Фатограф, падобна ўсякаму мастаку, задаецца мэтай узнавiць ня самi рэчы бачнага сьвету, а сваё асабiстае ўражаньне, сваё ўспрыманьне iх.

Ян Булгак

Выставу «Фатаграфія Баўгаўзу» ў Музэі сучаснага мастацтва ў Менску наведаў Сяргей Харэўскі.

У 1919 г. у нямецкім Ваймары была створана першая мастакоўская вучэльня. Яна рыхтавала штукароў для працы на прамысловасьці. На чале Баўгаўзу стаў слынны дойлід Вальтэр Гропіюс. Хутка цэнтар пераўтварыўся ў галоўную лябараторыю дызайну, мастацтва й архітэктуры Эўропы. Сярод ягоных выкладчыкаў былі Васіль Кандзінскі, Міс ван дэр Роэ, Паўль Клее, Піт Мандрыян. Велізарны ўплыў Баўгаўз зазнаў зь Беларусі. На канцэпцыі й творчае іх крэда непасрэдна наклаўся адбітак Віцебскае школы: Малевіча, Эль Лісіцкага, пазьней — Булгака й Стрэмінскага.

Узоры рэчавага й паліграфічнага дызайну Баўгаўзу вырозьнівае імпэтнасьць і рытмічнасьць, сьведамы мінімалізм. Іх стваральнікі найперш канструявалі рэчы, выяўляючы іхную сутнасьць, а затым яе ўтрыравалі. У выніку мэбля, посуд, тэкстыль, створаныя ў Баўгаўзе, сталі шэдэўрамі эстэтычнае думкі й уласна таго, што мы сёньня завём дызайнам. Яны зрабілі рэвалюцыю ня толькі ў прамысловай вытворчасьці, але й у мастацкім мысьленьні ўсяго сьвету. Па пераезьдзе ў Дэсаў пры вучэльні была створаная й адмысловая майстроўня для фатографаў. Яе паўстаньне зьвязанае з імёнамі вугорскіх творцаў Ласла Мохай-Надзем і Лючыі Мохай. У 1929 г. у Баўгаўзе было адкрытае адмысловае навучальнае аддзяленьне фатаграфіі, другое ў сьвеце пасьля Вільні. Тутака працавалі славутыя фотамастакі Эрых Казэнмюльлер, Люкс Файнінгер, Оскар Шлеммэр. Вялізарнымі падзеямі сталі «Выстава фатаграфіяў баўхаўзцаў» 1928 году, а затым выставы Казэнмюльлера й бэрлінская фотавыства расьлінаў «Першасныя формы мастацтва», што паказаў Карл Блёсфэльд. А пасьля ўтварэньня фатаграфічнага адздзяленьня з Вальтарам Пэтэрсхансам на чале, Баўхаўз пераўтварыўся ў вядучы цэнтар тагачаснае эўрапейскае фатаграфіі.

За гады свайго існаваньня ў міжваеннай Нямеччыне Баўгаўз ня толькі запачаткаваў новыя жанры й віды фатаграфіі, але й пераўтварыўся ў сапраўдную інтэрнацыянальную кузьню кадраў тагачаснага фотамастацтва.

Выстава «Фатаграфія Баўгаўзу», што праходзіць у Музэі сучаснага мастацтва ў Менску, дэманструе тую глябальную ролю, што адыграла вучэльня. Такога маштабу й якасьці экспазыцыі ў нашым краі — рэдкасьць. Для выставы былі адабраныя працы максымальнае колькасьці мастакоў. Сярод іх ёсьць і добра вядомыя ў сьвеце рэчы, а ёсьць і малавядомыя нават адмыслоўцам імёны й творы. Шэдэўры мяжуюцца зь нечакана цікавымі нязнанымі ў нас творамі. У выніку мы можам яшчэ раз пераканацца ў тым, якую вялізарную камунікатыўную функцыю выконвае фота й наколькі разнастайнымі й нечаканымі могуць быць сфэры яго ўжытку.

Сёньняшняя выстава — адна з самых важных культурных падзеяў 2006 году. Гэтым разам сьвятло зазьзяла з Захаду. За Менскам настане чарга Магілёва. А затым, насуперак руху Сонца, выстава адправіцца ў Маскву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0