Музыкі меліся прэзентаваць новы альбом 17 сакавіка.

У пабе «Госці», дзе планаваўся канцэрт, паведамілі, што «саліст», то бок Лявон Вольскі, захварэў, і продаж квіткоў прыпынены.

Як стала вядома НН, у Мінгарвыканкам выклікалі прадстаўніка пабу, і параілі замяніць «Крамбамбулю» на іншы гурт.

Лявон Вольскі адрэагаваў на навіну стрымана.

«Не магу сказаць, што я здзіўлены. Нам зрабілі выходны на гэты дзень. Хочацца падзякаваць адказным структурам за такі шалёны піяр. Нарэшце і мы маем агалцелую рэкламу. Думаю, падчас падзення продажаў кружэлак, продажы нашага новага альбома за кошт гэтага вырастуць».

Вольскі сказаў, што ў любым выпадку знойдзе магчымасці данесці сваю музыку да слухачоў. Ён шкадуе толькі, што на канцэрт не трапяць тыя, хто набыў квіткі. Па словах музыкі, на выступу павінны былі прысутнічаць замежныя дыпламаты.

Нагадаем, што ў пачатку сакавіка з’явіўся «чорны» спіс айчынных і замежных дзеячаў культуры, пра якіх забаронена ўзгадваць у дзяржпрэсе. У тым спісе апынулася і «Крамбамбуля». Забарону на сабе ўжо адчулі гурт «Ляпіс Трубяцкой» (адменены канцэрт 13 сакавіка ў Гомелі), спявак Зміцер Вайцюшкевіч (без тлумачэнняў адмянілі выступ 18 сакавіка ў Брэсце). Вырашаецца пытанне з мінскім канцэртам «Нейра Дзюбеля» 24 сакавіка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?