Гэта былі першыя перамовы палітыкаў пасьля выбараў 19 снежня 2010 года і хвалі масавых рэпрэсіяў, звязаных зь імі. Перамовы Лукашэнкі і Пуціна, запланаваныя на 40 хвілін, доўжыліся 2,5 гадзіны.

Расійкі прэм’ер Уладзімер Пуцін прыляцеў у Мінск са спазненьнем на паўтары гадзіны. Чакаць сябе ён прымусіў Аляксандра Лукашэнку, беларускага і казахстанскага прэм’ераў.

Картэж Пуціна з мінскага аэрапорту адразу ж накіраваўся ў рэзідэнцыю Лукашэнкі, які звярнуўся да расійскага госьця:

«Нам вельмі важна, Уладзімір Уладзіміравіч, перш за ўсё пагутарыць на тэму адзінай эканамічнай прасторы і яе пэрспэктыў, таму што як вы, так і мы, беларусы, асабліва ўскладаем вялікія надзеі і бачым вялікую пэрспэктыву ў гэтым буйным саюзе».

Што да двухбаковых адносін Беларусі і Расеі, то Аляксандар Лукашэнка заявіў, што эканамічных праблем у іх летась не ўзнікала.

Лукашэнка не згадаў востры канфлікт вакол экспартнага мыта на расейскую нафту, якая прадаецца ў Беларусь. Канфлікт гэты быў развязаны за дзесяць дзён да прэзідэнцкіх выбараў.
Фактычна ён і прымусіў афіцыйны Мінск далучыцца да адзінай эканамічнай прасторы. Лукашэнка такімі словамі ацаніў двухбаковыя праблемы з Расеяй: «А ўвогуле — жыць можна, тым больш што жыць трэба, і мы стараемся ў гэтых адносінах дзейнічаць».

Уладзімір Пуцін адзначыў, што папярэдні год быў удалы для развіцця беларуска-расейскіх эканамічных сувязяў, што двухбаковы гандлёвы абарот вырас на 19 %, і падкрэсьліў асабістыя заслугі Лукашэнкі ў інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы: «Што да інтэграцыйных працэсаў, то мы бачым, ведаем, што вы з'яўляецеся пасьлядоўным прыхільнікам інтэграцыі на постсавецкай прасторы, і гэта праяўляецца ў тым, што мы якасна і ў сціслыя тэрміны падрыхтавалі і ўхвалілі шэраг канцэптуальных дакументаў, якія датычаць інтэграцыі паміж Расіяй, Беларуссю і Казахстанам у рамках мытнага саюзу і адзінай эканамічнай прасторы».

Стратэгічным пытаннем перамоваў Пуціна ў Мінску быў удзел Расіі ў будаўніцтве ў Беларусі АЭС.
Перад прыездам Пуціна Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС у Беларусі — з улікам новых прынцыповых момантаў, унесеных у выніку перамоваў з расейскім бокам.
АЭС у Беларусі мяркуюць узвесьці паводле расійскага праекту, па ўнутрырасійскіх цэнах і за расійскі ж крэдыт, і адказваць за будоўлю мае расійская ж кампанія.
Пакуль бакі не прыйшлі да згоды наконт памеру крэдыту — 9 мільярдаў даляраў, як хоча Мінск, ці 6 мільярдаў, на якія гатовая Масква. Але крэдытнае пагадненне збіраюцца падпісаць толькі ў чэрвені-ліпені.

Уладзімір Пуцін сёння паабяцаў, што Беларуская АЭС будзе лепшая за японскія, якія пацярпелі ад землятрусу.

«Тыя праекты па будаўніцтве Беларускай АЭС, якія мы збіраемся рэалізоўваць, належаць да самага апошняга пакаленьня, і ўзровень абароненасці нашмат вышэйшы, нягледзячы нават на тое, што Беларусь не знаходзіцца ў такой сейсмічнай зоне, як Японія»,— заявіў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго слоў, у Японіі дзейнічаюць амерыканскія рэактары 40-гадовай даўніны.

Апрача крэдыту на АЭС, Мінск хоча пазычыць у Антыкрызісным фондзе ЭўрАзЭс яшчэ 2 мільярды даляраў.
Вырашальная тут пазыцыя Расіі. Памер фонду — 8,5 мільярда даляраў, зь якіх каля 8 мільярдаў унесла Расія, а Беларусь — толькі 1 мільён даляраў грашыма і 9 мільёнаў — векселем. У самім фондзе сёння заявілі, што пакуль гатовыя даць Беларусі крэдыт памерам у 400 мільёнаў даляраў.

Як паведаміла расейскае агенцтва РИА Новости са спасылкай на «крыніцы ва ўрадзе Расіі», Пуцін меў намер абмеркаваць сытуацыю з расійскімі грамадзянамі Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым, якіх, паводле ацэнак расійскага боку, незаконна асудзілі па крымінальнай справе аб падзеях 19 снежня ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?