Музыку "Старога Ольсы" купляюць часьцей за іншы беларускі фольк.

Фота Андрэя Лянкевіча

"Плянка ў 10 000 прададзеных дыскаў для беларускіх музыкаў пакуль недасягальная", - кажа дырэктар "Містэрыі гуку" Аляксандар Шлык. Пасьпяховым лічыцца той беларускі альбом, які разышоўся цягам году накладам болей за 1000 асобнікаў.

На мінулым тыдні свае ўзнагароды ўручылі прадусэр Адам Старповіч і дырэктар дыскарні "Містэрыя гуку" Аляксандар Шлык. Паказьнікам былі продажы дыскаў цягам году. Заснавальнікі лічаць гэты крытэр найбольш аб'ектыўным.

"Можна слухаць сотні песень на радыё, але на палічку ў пакоі слухач пакладзе той дыск, які яму спадабаўся. Папулярнасьць выяўляецца запатрабаванасьцю", - кажа А.Старповіч. Ён прызнае, што ў Беларусі не існуе адзінай электроннай сеткі маніторынгу продажаў, як у іншых цывілізаваных краінах, высокі ўзровень пірацтва, але мяркуе, што варта пачаць вылучаць лідэраў продажаў ужо цяпер. Для гэтага і была абраная сетка музычных крамаў "Містэрыя гуку" - як адна з самых паказальных у краіне.

У пятніцу ў клюбе "Ізюм" былі названыя пераможцы ў дзевяці намінацыях. У разьлік бралася агульная колькасьць прададзеных дыскаў цягам 2005 году. Але дакладная лічба не называлася. "Магу сказаць толькі, што плянка ў 10 000 прададзеных дыскаў для беларускіх музыкаў пакуль недасягальная", - кажа А.Шлык. Пасьпяховым лічыцца той беларускі альбом, які разышоўся цягам году накладам болей за 1000 асобнікаў.

Сярод фольк-выканаўцаў лідэрам продажаў была абвешчана "Сярэднявечная дыскатэка" ад "Старога Ольсы", "Не як усе" ад "Нестандартнага варыянту" - самым прадавальным хіп-хоп рэлізам.

у альтэрнатыўнай музыкі няма роўных "Куклам" (альбом "Дысцыпліна хаосу"). У рок-музыцы лідэр-дыск "Красавік" ад "J_Mors", у поп - альбом "Атлянтыкі". У дзьвюх намінацыях фігуруе "Крамбамбуля".

Цікавая сытуацыя ў шансоне: 3-е месца - "Старыя сябры" Віктара Каліны, другое - "Дзяўчынка-свавольніца" яго ж, 1-е скарылася альбому "Гарэзьлівы гуляка" Віктара Каліны. Падобная сытуацыя ў намінацыі "Складанка году": ляўрэатамі сталі дыскі "Песьня году" розных пэрыядаў.

"Альбомы, выдадзеныя на пачатку году, мелі большыя шанцы. Затое дыскі, выдадзеныя пры канцы году, будуць мець большыя шанцы налета", - камэнтуе сытуацыю А.Старповіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?