Мала японцам было магутнага землятрусу, як па ўсходнім узбярэжжы прайшлося цунамі. Не прайшло сутак з моманту гэтых падзей, як увесь свет пачаў сачыць за сітуацыяй вакол атамнай станцыі ў Фукусіме. Адразу пачаліся размовы пра другі Чарнобыль, пра моцныя выкіды радыяцыі. Гэта паставіла шэраг пытанняў і перад Беларуссю. Ці патрэбная Беларусі свая АЭС? Што важней: дыверсіфікацыя крыніц энергіі ці бяспека насельніцтва?

На пытанні «Нашай Нівы» адказвае выпускнік кафедры радыяцыйнай хіміі БДУ, аспірант Нацыянальнай акадэміі навук Юрась Адамовіч.

«Наша Ніва»: Чым адрозніваецца сённяшняя сітуацыя ў Японіі ад Чарнобыля? Чаму Чарнобыль выбухнуў, а Фукусіма – не?

Юрась Адамовіч: На ЧАЭС і Фукусіме былі ўсталяваныя рэактары прынцыпова розных тыпаў. Прасцей кажучы, Фукусіма і не магла выбухнуць. На ЧАЭС у якасці замаруджвальніка нейтронаў выкарыстоўваўся графіт, а як цепланосьбіт, што мусіць адводзіць цяпло, – вада. На водавадзяным рэактары Фукусімы вада — гэта і замаруджвальнік, і цепланосьбіт. Гэта значыць, што на станцыях тыпу ЧАЭС пры выкіпанні вады ў выпадку павышанага цеплавыдзялення рэактар пачынае яшчэ больш разганяцца, што можа прывесці да самых дрэнных наступстваў. Адпаведна, існуе неабходнасць прымусовага ахалоджвання рэактара. На рэактарах кшталту Фукусімы пры выкіпанні вады знікае не толькі цепланосьбіт, але і замаруджвальнік, што прыводзіць да затухання рэакцыі. То бок адбываецца пэўная самарэгуляцыя працэсу. На ЧАЭС сукупнасць пазарэгламентных авантурысцкіх дзеянняў кіраўніцтва прывяла да рэзкага некантраляванага разгону рэактара з выбухам у ЦВЭЛах (гэтак званых «цеплавыдзяляльных элементах» – цырконіевых трубках з таблеткамі дыяксіду ўрану). Як наступства – поўнае разбурэнне актыўнай зоны рэактара, вялізная колькасць радые­актыўных выкідаў на вялікай вышыні і палаючыя графітавыя стрыжні. На Фукусіме такі працэс немагчымы. Там сітуацыю можна параўнаць хіба што з аварыяй на амерыканскай АЭС Трымайл-Айленд (Three Mile Island) у 1979 годзе. Толькі там галоўнымі прычынамі былі паломкі і чалавечы фактар, тут – стыхія.

«НН»: А калі землятрус адбыўся б не ў моры, а пад самой станцыяй, яна б вытрымала?

ЮА: На гэтае пытанне немагчыма адказаць. Парадаксальнасць сітуацыі ў тым, што ўвесь антыядзерны шал, што разгарэўся, адбываецца на фоне трыумфу стваральнікаў Фукусімы. Паглядзіце самі: саракагадовы, маральна састарэлы рэактар, якому заставаўся літаральна тыдзень да закрыцця (яго спыненне было прызначанае на 21 сакавіка), перанёс такі сейсмічны ўдар і вытрымаў! Тыя разбурэнні, якія мы цяпер назіраем, – наступствы цунамі, а не землятрусу. Што тады казаць пра больш сучасныя і ўстойлівыя рэактары? Праблема сейсмічнай бяспекі пакрысе сыходзіць у гісторыю. Што, відавочна, не спадабаецца прадстаўнікам розных антыядзерных рухаў.

«НН»: Які ваш прагноз на бліжэйшы час?

ЮА: Сітуацыя стабільна цяжкая, але не крытычная. На мой погляд, горшае, чаго варта чакаць —расплаўленне актыўнай зоны рэактару, з вялікім выкідам радыёактыўных рэчываў. У любым выпадку, гэта не будзе выбух, кшталту чарнобыльскага, з поўным разбурэньнем актыўнай зоны і выкідам большай часткі радыяактыўнага паліва ў атмасферу.

«НН»: Але, наколькі можна разумець, выцечка радыяцыі ўсё-такі адбылася. Наколькі гэта небяспечна?

ЮА: У выніку пашкоджання сістэмы ахалоджвання адбываецца разагрэў рэактара і рост ціску праз інтэнсіўнае газаўтварэнне. Каб пазбегнуць разбурэння рэактара, пару скідвалі ў г.зв. гермаабалонку. Калі ціск у ёй таксама празмерна вырас, ажыццяўлялі кантраляваны скід пары ў атмасферу. Гэта прывядзе да невялікага забруджвання адносна нязначных калястанцыйных тэрыторыяў, але гэта не занадта вялікая праблема. Больш істотным падаецца тое, што, па розных сведчаннях, у выкідах быў выяўлены цэзій. А гэта можа быць прыкметай пашкоджання ЦВЭЛаў на АЭС, што створыць дадатковую праблему для ліквідатараў.

«НН»: Ёсць розныя будаўнікі АЭС. «Расатам», «Тошыба-Вестынгхаус», «Арэва». У чым розніца іх праектаў і ў чым іх рызыка?

ЮА: У коштах, якасці выканання, сучаснасці тэхналогій. Беларуская замова пісалася адмыслова пад «Расатам», і гульня ў выбар будаўніка – не болей за тэатральную пастаноўку. Хаця замову, канечне, нашы ўлады заўжды могуць перапісаць. Пад іншага выканаўцу, і ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры. Што тычыцца «Росатама» як будаўніка, то мяне больш турбуе не ўзровень сучаснасці расійскіх тэхналогій (ён дастатковы, каб ажыццявіць больш-менш прымальны праект), а ўзровень расійскай культуры будаўніцтва. Высакаякасных і адказных выканаўцаў усё ж варта шукаць не за ўсходняй мяжой.

«НН»: Увогуле, будаваць АЭС апраўдана ці не?

ЮА: Гэта непазбежнасць. Мы бясконца чуем прыгожыя словы пра ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, але іх моц непараўнальная з сучаснымі патрэбамі, якія толькі працягваюць расці. Проста хтосьці можа дазволіць сабе адтэр­міноўку праз уласныя запасы энерганосьбітаў, а хтосьці — не.

Гутарка запісвалася 14 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?