Два мядзведзі змусілі ўцякаць трох мінскіх бізнэсоўцаў,
паведамляе БЕЛТА. Тыя спыніліся за пару кіламетраў ад Ашмянаў перакусіць у адной з альтанак на ўзлеску. Не паспелі раскласці на стале ежу, як з лесу выйшлі два мядзведзі і накіраваліся да іх. Мінчукі рынулі да машыны. За рулём быў кіроўца, ён даў газу ледзь пасажыры ўскочылі. Ад’язджаючы, бізнэсоўцы заўважылі, як мядзведзі лапамі паскідалі са стала хлеб, кілбасу, садавіну і селі абедаць.

Раней адзін з жыхароў Ашмянаў бачыў двух мядзведзяў за паўкіламетра ад горада. Іншыя жыхары раёна напярэдадні зімы знайшлі ў Граўжышкаўскім лесе сляды мядзведзіцы і двух яе малых. А нядаўна нарыхтоўшчыкі дроў бачылі трох медзведзянятаў у лесе ля вёскі Кемелішкі Астравецкага раёна. Леснікі кажуць, што мядзведзі на Гарадзеншчыне з’явіліся некалькі гадоў таму. Некаторыя нават майструюць на зіму бярлог непадалёк ад вёсак.

Некалькі стагоддзяў таму Гарадзеншчына, а канкрэтна Смаргонь, была цэнтрам навучання мядзведзяў — там існавала радзівілаўская «мядзвежая акадэмія». Магчыма, прапраўнукі яе выпускнікоў інстынктыўна імкнуцца сяліцца бліжэй да слаўнага месца. А хто б яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму мог падумаць, што мядзведзі ў Беларусі будуць трапляцца не толькі ў запаведніках? Зрэшты, тады і бізнэсоўцы ў нас не вяліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?