З 1 студезня 2007 году ў Латвіі будзе ліквідаваны цэнтар прызыву на вайсковую службу. Адпаведнае рашэньне, зьвязанае зь пераходам Нацыянальных узброеных сіл на кантрактную аснову, у аўторак, 5 сьнежня, прыняў урад Латвіі.
Пасьля таго, як цэнтар рэкрутаваньня спыніць сваю працу, асобныя яго функцыі пяройдуць службе апалчэньня. Яна будзе рэгістраваць рэзэрвістаў, а таксама прызываць іх у выпадку неабходнасьці на чарговыя мэдычныя агляды ці вайсковыя вучэньні.
Пры канцы лістапада ў Рызе прайшла ўрачыстая цырымонія заканчэньня вайсковай службы апошняга латвійскага салдата тэрміновай службы.