Галадоўка гарадзенскіх каталікоў

1 сьнежня вернікі гарадзенскай парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі, Маці міласэрнасьці распачалі пост-галадоўку. Яны дамагаюцца, каб гарадзкія ўлады далі пісьмовы дазвол на пабудову храму, якога парафіяне ня могуць атрымаць дзесяць гадоў. У галадоўцы разам з а.Аляксандрам Шэметам бяруць удзел каля двух дзясяткаў чалавек. На трэці дзень галадоўнікаў наведаў біскуп гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч і выказаў падтрымку галадоўнікам. Гарадзенцаў падтрымалі вернікі менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё», а таксама прадстаўнікі апальнага Саюзу палякаў у Беларусі. Дзьве сталыя жанчыны вымушаныя былі праз пагаршэньне стану здароўся спыніць галадоўку.

5 сьнежня чыноўнікі гарадзенскага гарвыканкаму сустрэліся з галадоўнікамі. Яны прывезьлі паперу за подпісам першага намесьніка гарвыканкаму Кунаша, якая сьведчыць, што гарадзенскія ўлады ня супраць пабудовы касьцёлу на тэрыторыі, дзе сёньня месьціцца капліца парафіі. Вернікі адмовіліся ад перамоваў. Яны будуць лічыць задаволенымі свае патрабаваньні толькі калі атрымаюць зацьверджаны ўладамі плян пабудовы касьцёлу.

6 сьнежня галадоўка была спынена

Угодкі Слуцкага збройнага чыну

3 сьнежня актывісты Партыі БНФ і моладзь БНФ зладзілі прымеркаваную да ўгодкаў Слуцкага паўстаньня вандроўку на Случчыну. У часе паездкі яе ўдзельнікі восем разоў сустракаліся з прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Падчас раздачы друкаваных матэрыялаў былі затрыманыя мясцовыя актывісты Павал Філіпеня і Віталь Амяльковіч, якіх неўзабаве адпусьцілі без складаньня пратаколаў, на менчука Міколу Якушава склалі пратакол аб распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі і адпусьцілі. Перад выездам са Слуцку міліцыянты, у прысутнасьці чалавека ў цывільным, запісалі пашпартныя зьвесткі ўдзельнікаў вандроўкі. Цягам дня міліцыя суправаджала аўтобус, «перадаючы» яго з раёну ў раён.

У Барысаве моладзевыя актывісты таксама адзначылі гадавіну Слуцкага збройнага чыну. Да крыжа, усталяванага ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, прыйшло некалькі дзясяткаў актывістаў кампаніі "За свабоду". Напярэдадні моладзевыя актывісты распаўсюдзілі ў горадзе тысячы налепак «Джынс – за свабоду!»

29 лістапада

Адлічаныя Аляксандар Страчук і Дзяніс Сарокін, студэнты аграэкалягічнага факультэту Горацкай акадэміі. А.Страчук балятуецца ў Горацкі гарсавет, а Дз.Сарокін – сябра ягонай ініцыятыўнай групы. Адміністрацыя акадэміі не азнаёміла студэнтаў з вымовамі, толькі паінфармавала.

Былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Генадзь Дылеўскі асуджаны на 5 гадоў турмы за «падбухторваньне да дачы хабару ў памеры 75 тысяч даляраў». Г.Дылеўскі да арышту працаваў дырэктарам «Беларускага марскога параходзтва», а ў палаце прадстаўнікоў быў сябрам дэпутацкай групы «Рэспубліка», як і Сяргей Скрабец, што толькі нядаўна выйшаў з турмы.

130 працаўнікоў АТ «Добруская папяровая фабрыка «Герой працы» напісалі заявы аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюзу. Прычына – незадаволенасьць нізкімі заробкамі і цяжкімі ўмовамі працы. Працаўнікі кажуць, што прафсаюз нічога ня робіць дзеля паляпшэньня сытуацыі.

Раніцай 29 лістапада на гомельскім заводзе пускавых рухавікоў участковым быў складзены пратакол на грамадзкага актывіста і праваабаронцу Анатоля Паплаўнага за парушэньне арт.172 КоаП (распаўсюд друкаваных выданьняў, зьмест якіх скіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку). Артыкул прадугледжвае штраф да 5 мін. заробкаў і канфіскацыю друкаваных матэрыялаў.

30 лістапада

Пастара царквы «Благодать Иисуса» з Крупак Мікалая Барычэўскага трэці раз на працягу году наведалі прадстаўнікі ўлады. Сп.Барычэўскага забралі з дому і адвезьлі яго ў РУУС, дзе склалі пратакол за пражываньне ў Крупках без прапіскі. Па словах пастара, яму пагражалі ліквідацыяй суполкі, калі ён ня спыніць крытычных выказваньняў на адрас дзеючай улады.

Увечары на аўтавакзале ў Магілёве была затрыманая актывістка АГП Крысціна Шацікава. Яе пратрымалі ў міліцыі каля двух гадзін і склалі пратакол канфіскацыі друкаванай прадукцыі і ўручылі пазоў зьявіцца o Ленінскі РУУС Магілёва для дачы паказанmняў.

У Менску затрыманы моладзевы актывіст Сяржук Гумінскі. Увагу міліцыянтаў прыцягнула значак "Пагоня" на вопратцы актывіста. Cупрацоўнікі міліцыі адвезьлі моладзевага актывіста ў Ленініскі РУУС сталіцы, дзе на яго былі складзеныя пратаколы за "дробнае хуліганства" і "распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных дадзеных".

Аляксандра Мілінкевіча ўвечары затрымалі ў аэрапорце «Менск-2», калі ён вяртаўся з Рыскага саміту НАТО. Яго абвінавачваюць у «наўмысным перасячэньні мяжы па несапраўдных дакумэнтах». За гэта пагражае два месяцы папраўчых работаў. А ўся справа ў тым, што ў часе ягонага ад’езду паблыталі ягоны пашпарт з пашпартам сына.

1 сьнежня

Ва ўрочышчы Курапаты ў чарговы раз апаганеная лава Клінтана – мэмарыяльны знак, падораны прэзыдэнтам ЗША «ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі ў імя памяці». Вандалы скінулі лаўку на зямлю, раскідалі кветкі і сьвечкі.

Гарадзенская міліцыя папярэдзіла А.Мілінкевіча аб тым, што ён ня мае права ладзіць экскурсіі па горадзе для вялікіх групаў людзей. Лідэр апазыцыі прыехаў у Горадню сустрэцца з выбаршчыкамі і сабраць подпісы ў падтрымку дэмакратычных кандыдатаў. Адначасова ён зьбіраўся правесьці экскурсію, каб прыцягнуць увагу да таго, як адбываецца рэканструкцыя гістарычнай часткі Горадні.

2 сьнежня

Падчас правядзеньня ў Лідзе палітычнай кампаніі «мясцовыя выбары» невядомыя размалявалі аўтамабіль А.Мілінкевіча ў чырвона-зялёныя колеры. Увесь час знаходжаньня Мілінкевіча ў Лідзе за ім сачыла міліцыя, людзі ў цывільным, зь якімі таксама працавала камэра і журналісты лідзкага ТБ.

3 сьнежня

Кіраўнічка непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс і яе кіроўца Анджэй Лісоўскі атрымалі пазовы на 6 сьнежня. Яны мусяць зьявіцца на допыт у КДБ да сьледчага, які займаецца крымінальнай справай аб кантрабандзе наркотыкаў.

6 сьнежня ў Анжалікі Борыс забралі пашпарт.

3 сьнежня быў выкліканы ў міліцыю актывіст Саюзу палякаў Ігар Банцар. Ён нібыта пагражаў Тадэвушу Кручкоўскаму – аднаму з кіраўнікоў афіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі.

Алеся Ясюк была затрыманая ў Менску падчас распаўсюджваньня налепак «Джынс – за свабоду!». Жанчыну адвезьлі ў апорны пункт міліцыі Ленінскага РУУС, дзе, паводле яе словаў, яе зьбіў маёр міліцыі Фалей І.В. Судмэдэкспэртыза зафіксавала ў жанчыны пабоі. Яна рыхтуе скаргу на неправамерныя дзеяньні міліцыянта.

У Магілёве ў раёне Савецкай плошчы, на пешаходным мосьце, зноўку зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Ён правісеў 50 хвілінаў.

4 сьнежня

Аляксандр Мілінкевіч быў затрыманы ў Белаазёрску (Берасьцейшчына). Падстава: паводле ананімнай інфармацыі ў аўтамабілі палітыка перавозілі алькаголь і наркотыкі. Разам з Мілінкевічам затрымалі яго прэс-сакратара Паўла Мажэйку і кіраўнік менскай абласной Рады Партыі БНФ Аляксея Кавальца. Пасьля дагляду аўто і асабістых рэчаў палітыкаў адпусьцілі.

Палітзьняволены Павал Севярынец атрымаў трохдзённы адпачынак, з 4 па 6 сьнежня ўключна. Ён мусіў прыехаць у Віцебск яшчэ 29 лістапада. Аднак напярэдадні ў адміністрацыі выпраўленчай установы Паўлу заявілі, што пакідаць спэцкамэндатуру яму забаронена да 10 снежня.

Віктар Статкевіч, бацька палітвязьня Мікалая Статкевіча, зьвярнуўся да начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Коўчура В.А. з заявай. В.Статкевіч, сярод іншага просіць вярнуць сына ў Баранавічы, бо праз сталы ўзрост і кепскае здароўе мае патрэбу ў доглядзе. М.Статкевіч быў пераведзены з Баранавіч у Блонь Пухавіцкага раёну.

5 сьнежня

Аляксандар Казулін адмовіўся спыніць галадоўку падчас сустрэчы з жонкай 5 сьнежня. Паводле турэмных дактароў, за 47 дзён галадоўкі палітык старціў 26 кг, у яго небясьпечна панізіўся ціск і тэмпература.

Старшыня Менгарсуду М.Ардзяка не задаволіў надзорную скаргу па справе экс-кандыдата ў прэзыдэнты А.Казуліна. Казулін і яго абаронцы маюць намер абскардзіць рашэньне ў Вярхоўным судзе.

Адбылося папярэдняе судовае пасяджэньне Гаспадарчага суда Менска па справе аб скасаваньні дамовы арэнды з МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Судзьдзя Мельнікава азнаёмілася з прэтэнзіямі бакоў. Наступнае пасяджэньне будзе 12 сьнежня.

Судовыя выканаўцы канфіскавалі кампутарную тэхніку РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК). Зроблена гэта было ў выкананьне рашэньня Вышэйшага Гаспадарчага суду па справе аб падаткаабкладаньні сродкаў, якія былі атрыманыя ў рамках праграмы ТАСІС.

Беларускія ўлады не згадзіліся на працяг візаў сямі ксяндзам і пяці сёстрам-законьніцам, грамадзянам Польшчы, што працавалі ў Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі. Да канца сьнежня яны павінны пакінуць Беларусь. Улады тлумачаць рашэньне патрэбай уладкаваць на вызваленыя месцы маладых сьвятароў і сёстраў – беларускіх грамадзянаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?