Еўрасаюз мае намер пашыраць спіс беларускіх афіцыйных асоб, на якіх накладзеныя абмежавальныя меры, і гатовы разгледзець новыя адрасныя санкцыі.
Такую заяву зрабіла ў Бруселі 18 сакавіка вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Як паведаміла прэс-служба прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, Эштан нагадала, што «ў адпаведнасці з заключэннямі Савета па замежных справах 31 студзеня, спіс асоб, на якіх накладзеныя абмежавальныя меры, застаецца адкрытым і ўвесь час пераглядаецца з улікам далейшага развіцця сітуацыі».

У прыватнасці, паводле яе слоў,

ЕС мае намер працягваць уключаць у спіс афіцыйных беларускіх асоб, такіх як суддзі і пракуроры, якія маюць непасрэднае дачыненне да вынясення прыгавораў па палітычных матывах і рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці.

«У залежнасці ад развіцця сітуацыі ў Беларусі ЕС гатовы разгледзець новыя адрасныя меры ва ўсіх абласцях супрацоўніцтва», — заявіла Эштан.

Яна асудзіла «працяглае затрыманне, суды і вынясенне судовых прыгавораў па палітычных матывах прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці і лідарам апазіцыі», і выказала глыбокую занепакоенасць «заявамі аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання, запалохвання і парушэннямі падчас судовых працэсаў» у Беларусі.

Эштан заклікала беларускія ўлады паўнацэнна супрацоўнічаць з Упраўленнем вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і Саветам ААН па правах чалавека, а таксама «адмяніць сваё рашэнне аб непрацягу мандата офіса АБСЕ ў Мінску».

Вярхоўны прадстаўнік нагадала пра патрабаванне ЕС да беларускіх уладаў «аб неадкладным і безумоўным вызваленні і рэабілітацыі ўсіх, хто быў затрыманы па палітычных матывах».

Як паведамлялася раней, 21 сакавіка ЕС плануе пашырыць яшчэ на 19 чалавек спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на яго тэрыторыю.

10 сакавіка брусельскі сайт EUobserver паведаміў, што

ЕС распрацоўвае дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Паводле інфармацыі выдання, яны будуць накіраваныя на прадпрыемствы, якія, як мяркуюць у ЕС, аказваюць «фінансавую падтрымку беларускай наменклатуры», а менавіта — «Беларуськалій», «Белнафтахім», «Белтэхэкспарт» і «Трайпл».

Савет міністраў замежных спраў краін ЕС зацвердзіў спіс з 157 беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі, на пасяджэнні ў Бруселі 31 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?