Хлопец па дарозе ў краму 19 снежня проста падлічыў колькасць аўтазакаў ля рэзідэнцыі Лукашэнкі і паведаміў свайму бацьку. Усе размовы праслухоўваліся.

За некалькі дзён да прад’яўлення Дзмітрыю Усу абвінавачання ў «арганізацыі ўзброенага супраціву прадстаўнікам уладаў» спецслужбы дапыталі нават яго 14-гадовага сына.

Дзмітрый Ус: «Выклікалі і жонку, і сына. Допыт Івана (сына Дзмітрыя Уса) у КДБ праходзіў пры яго настаўніцы. Пыталі, чаму ён 19 снежня хадзіў у краму і як лічыў машыны (смяецца). Ён паказанні на мяне даваць адмовіўся… Як выявілася, нас праслухоўвалі без санкцый пракурора. А цяпер на падставе праслушкі хочуць інкрымінаваць, быццам бы былі супрацьзаконныя дзеянні, змова. Хаця гэта былі абывацельскія размовы, якія ніякіх адносін да арганізацыі ўзброенага супраціву не маюць».

Хлопец проста падлічыў колькасць машын і па тэлефоне паведаміў бацьку. А той — перадаў словы Мікалаю Статкевічу, кажа Дзмітрый Ус. А следчыя палічылі гэта «зборам сведчанняў аб месцы дыслакацыі колькасці падраздзяленняў».

Дзмітрыя Уса вінавацяць таксама ў стратах цэнтральнага Макдональдса ў больш як 8 млн рублёў з-за правядзення акцыі на плошчы. А таксама ў тым, што ён быццам заклікаў грамадзян па Першым нацыянальным тэлеканале і радыё прыйсці на мітынг. Гэта прытым, што ў сваіх відэазваротах закліку на плошчу не было, а ад радыёпрамовы Дзмітрый Ус увогуле адмовіўся.

Экс-кандыдат лічыць доказную базу супраць яго «пустой, абы спіхнуць справу ў суд».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?