На гэтым тыдні зьявілася кніга «Рэпартаж зь месца падзеяў: вершы й песьні Плошчы». Кніга мае зручны кішэнны фармат і аформлена ў бел-чырвона-белых колерах, у яе ўвайшлі вершы, што былі напісаныя падчас і пасьля сакавіцкіх падзеяў на Плошчы. У прадмове да «Рэпартажу...» пішацца: «Кніжка, якую вы трымаеце ў руках, можа быць эмацыйным падарожжам у тыя дні, калі сэйсмографы паэтычных душаў зашкальвала. Калі ў сэрцы апошняй эўрапейскай дыктатуры, проста на сьнезе зьявіліся кветкі свабоды».
Кніга мае тры разьдзелы. У першую ўвайшлі вершы Славаміра Адамовіча, Андрэя Хадановіча, Сяргея Прылуцкага, Цемрыка Велета, Веры Бурлак, Алеся Аркуша.
Андрэй Хадановіч у вершы «Памяці намётаў на пляцы Кастуся Каліноўскага» піша:
«Значыць, будзем стаяць на лёдзе –
падкачаў, падкачаў надыход вясны.
Але свабода ізноў у модзе,
Але свабодзе ня скажаш «годзе!»,
Але свабода яшчэ на свабодзе,
На свабодзе – нашы сны!»
Другую частку склалі вершы Алены з Кастрычніцкай, Дар’і Ліс, Яўгеніі Казлова, Юлія Шадзько, Натальля Бордак, Стась Пачобут, Зьміцер Сьвірскі, Дзьмітры Калейчык, Тацяна Лугаўская, Надзея Дзедава.
Большасьць твораў першых двух разьдзелаў у свой час былі надрукаваныя на старонках «Нашай Нівы».
Ну і нарэшце ўапошні разьдзел увайшлі вершы аўтараў, якія зьмяшчалі свае творы ў Інтэрнэце. Гэта жж-карыстальнікі shuver, hondurazian, rady-de, ulyana-lenina, а таксама творцы, што падпісваліся пад нікамі by anysyst, by Bullochka, by tvorchaje_dziva i by miafk.
Шукайце «Рэпартаж з Плошчы» ў незалежных распаўсюднікаў.





