З адпаведнай заявай выступіў шэраг польскіх нацыяналістычных арганізацый.
З адпаведнай заявай выступіў шэраг польскіх нацыяналістычных арганізацый. Для іх «Белсат» — костка ў горле, бо працуе на ўмацаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў. А яны хацелі б умацавання польскасці на крэсах.
«Ці з’яўляецца мэтай тэлеканала «Белсат» дэмакратызацыя Беларусі, стварэнне грамадзянскай супольнасці ў беларускай дзяржаве, азнаямленне грамадзян Беларусі з дэмакратычнымі каштоўнасцямі?»— з такога пытання пачынаецца зварот прадстаўнікоў цэлага шэрагу польскіх грамадскіх арганізацый да кіраўніка Краёвай рады радыё і тэлебачання Яна Дворака.
Падпісанты ліста абвінавачваюць «Белсат» у тым, што ён аднабакова паказвае гісторыю і культуру Беларусі, дыскрымінуючы польскую нацыянальную меншасць. У якасці прыклада прыводзіцца экранізацыя «Тутэйшых» Янкі Купалы.
«Купала — творца культу Сталіна», — грымяць аўтары ліста. Яго аўтары таксама падкрэсліваюць, што польскае войска фігуруе ў «Тутэйшых» выключна ў якасці акупантаў, а польскія землеўласнікі паказаныя як агідныя «паны».«За грошы польскіх падаткаплатнікаў і на канале польскага грамадскага тэлебачання, які гладзяць таксама грамадзяне Беларусі палякі, дэманструецца экранізацыя савецкага, сталінскага пісьменніка, які агітуе за далучэнне Беластока да СССР, аўтара вядомага верша, напісанага ў гонар Чырвонай Арміі, якая ўвайшла на тэрыторыю Польшчы 17 верасня 1939 году», — абураюцца аўтары звароту.
На іх думку, ідэя дэмакратыі прадугледжвае плюралізм і разнастайнасць думак, а «Белсат» дэманструе толькі адзін «нацыяналістычны» погляд на гісторыю і культуру Беларусі, амінаючы польскую спадчыну краіны. Усе перадачы — па-беларуску, а па-польску нічога няма.
Ліст у Краёвую раду тэлебачання і радыё падпісала больш за два дзесяткі дзеячоў. Сярод іх пераважна прадстаўнікі ультракансерватыўных колаў — кіраўнікі згуртаванняў каталіцкай інтэлігенцыі, арганізацый, якія займаюцца пытаннямі польскай спадчыны ва Украіне і Беларусі, аўтары кніг і навуковых прац па гісторыі усходніх тэрыторый міжваеннай Польшчы.
Акрамя Краёвай рады радыё і тэлебачання, заява з крытыкай «Белсата» накіраваная ў шэраг установаў. Сярод іх Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, а таксама шэраг камісій Сойма і Сената.
Колы, з якіх выйшла заява, не маюць у Польшчы вялікага ўплыву.
Каментары