Мікіту Ліхавіда трымаюць у жалезнай клетцы.

Мікіту Ліхавіда трымаюць у жалезнай клетцы.

 Мікіта Ліхавід з адвакатам Дар'яй Ліпкінай

Мікіта Ліхавід з адвакатам Дар'яй Ліпкінай

 Збітыя спецназаўцы па дарозе ў залу суда.

Збітыя спецназаўцы па дарозе ў залу суда.

18:41

Абвешчаны перапынак да раніцы 23 сакавіка. Працэс адновіцца а 10-й раніцы. Засталося дапытаць 19 спецназаўцаў. Тым, каго апыталі сёння, суддзя дазволіла на суд не прыходзіць.

Пасля абвяшчэння перапынку маці Мікіты Ліхавіда спрабавала пералдаць яму пасылку, але суддзя забараніла.

18:33

Пачынаецца допыт чарговага спецназаўца. Гэта - Аляксей Сакач, ён таксама міліцыянт ПМСП. Родам з Рагачова. Ён расказвае, што яго ўдарылі па руцэ, але ён здолеў утрымаць шчыт і абараніцца ад нападнікаў.

18:27

Комар кажа, што атрымаў па галаве. У пратаколе следчага і выніках спецэкспертызы запісана, што была траўма калена.

Да Ліхавіда прэтэнзій не мае, на Плошчы яго не бачыў.

18:19

Наступны пацярпелы -- Комар, міліцыянт ПМСП.

18:17

Імя спецназаўца, які зараз дае паказанні -- Юры Давідовіч. Ён ужо ўдзельнічаў у працэсе Брэуса і Гапонава. Таксама ў СМІ сцвярджалася, што менавіта ён 6 гадоў таму прылюдна ўдарыў Святлану Завадскую.

Давідовіч не чуў заклікаў разысціся на Плошчы. Пагромаў і падпалаў не бачыў. Ён таксама не ведае ў твар Ліхавіда і прэтэнзій да яго не мае.

18:10

Пачаўся допыт наступанаг пацярпелага. Адвакат двойчы прасіла зрабіць перапынак і двойчы атрымала адмову. У зале вельмі душна, перапынак а 10-й гадзіны быў толькі адзін раз на 40 хвілін. Вокны немагчыма адчыніць, бо яны закрытыя кратамі.

17:55

Волкаў кажа, што дэманстранты білі яго па шчыце, адзін удар трапіў у калена. Спецназавец чуў заклікі разысціся, сам людзей разысціся не прасіў. Да Ліхавіда ніякіх прэтэнзій не мае.

17:45

Пачынаецца допыт пацярпелага Волкава, ён, як і папярэднія пацярпелыя, міліцыянт ПМСП Мінгарвыканкама.

17:42

Бажок прэтэнзій да Ліхавіда не мае, ён яго не ведае.

17:40

Бажок расказвае пра сваю траўму: "Ударылі па патыліцы і зорачкі закруціліся ў вачах". У пратаколе следчага аднак пазначана, што Бажка ўдарылі па спіне. Спецназавец кажа, што пратакола допыту ён нават і не чытаў, а падпісаў проста так. "Гэта ж проста працэдура такая", - кажа ён.

17:36

Бажок расказвае, што мала бачыў на Плошчы і мала што чуў. Кажа, што яго асляпілі фотакамеры і ён толькі чуў крыкі людзей. Не бачыў пабітых шыбаў, ні пагромаў, кажа, што дэманстранты баяліся спецназаўцаў. Распавядае і пра салдатаў, што разганялі людзей.

17:30

Пачынаецца допыт пацярпелага спецназаўца Юрыя Бажка.

1?:27

Скараход кажа, што ў Дом Урада спрабавалі прабіцца 35 чалавек, 2-3 з іх мелі драўляныя палкі ў руках.

17:17

Пачынаецца допыт пацярпелага Скарахода. Ён таксама спецназавец. Допыты пацярпелых становяцца ўсё карацейшымі.

Адвакату Скараход паведаміў, што бачыў на плошчы багор і ледаруб. Яны таксама ляжалі каля помніка Леніна ўжо пасля таго, як людзей адагналі з плошчы Незалежнасці.

16:56

Пачаўся допыт міліцыянера Булавацкага -- супрацоўніка ПМСП..

Булавацкі паўтарае свае паказанні з працэса Брэуса і Гапонава. Кажа, што дэманстранты білі спецназаўцаў нагамі па шчытах. Пагромы на Плошчы Незалежнасці ён не бачыў, кажа, што бачыў потым па тэлевізары. Ліхавіда ён не ведае.

16:49

Майсееў распавёў, як пасля разгону ён зведаў моцны стрэс, эмацыйны шок. Ужо ў службовым транспарце ён пабачыў, што калена моцна пашкоджана. Расказвае, што пашкоджанымі былі і службовыя штаны. Майсееў кажа, што хацеў прынесці падраныя штаны сёння на суд, але забыў.

Ён расказвае, што дэманстранты кідалі ў яго каменнем і лёдам. Гаворыць энергічна, хваліцца аператыўнымі дадзенымі па Плошчы. Расказвае, што маладыя дэманстранты, спрабавалі прарваць шэраг спецназа, але міліцыянты гэтага зрабіць не дазволілі.

16:33

Пачынаецца допыт Юрыя Майсеева. Ён - міліцыянт ПМСП.

Майсееў распавядае, што ў нейкі момант нешта вылецела з натоўпу і здырыла яго ў калена. Ён адчуў моцны боль, але выстаяў. На плошчы бачыў арматуру. Рыдлёвак і ледарубаў не бачыў.

16:32

Ігар Зянькевіч на Плошчы зброі ў руках дэманстрантаў не бачыў. Яго хутка дапыталі. Мікіту Ліхавіда ён не бачыў, прэтэнзій да яго не мае.

16:22

Пачаўся допыт трэцяга пацярпелага -- Зянкевіча. Раней ён не меў дакументаў і адвакат не пагадзілася браць у яго паказанні. Зараз Зянкевіч прынёс службовае пасведчанне. Ён, як і Кашталянаў, былі пацярпелымі на працэсе Брэуса і Гапонава.

16:04

Адвакат запытала ў Кашталянава, ці бачыў ён на Плошчы ўзброеных людзей, ці ведае ён Ліхавіда. Кашталянаў на абодва пытанні адказаў - не.

Пасля гэтых пытанняў суддзя папрасіла адваката не зацягваць працэс. Адвакат адказала, што проста спрабуе высветліць ці мелі месца на Плошчы масавыя беспарадкі, ва ўдзеле ў якіх вінавацяць яго падабароннага.

Кашталянаў, як і на працэсе Брэуса і Гапонава, расказаў, што бачыў, як дэманстранты выкарысталі вогнетушыцель.

15:54

Адвакат запытала ў Кашталянава, колькі чалавек спрабавалі трапіць у Дом Урада і білі вокны. Ён задумаўся і пасля кароткай паўзы сказаў -- 35 чалавек.

15:51

На пытанне адваката, ці звяртаўся Кашталянаў да дэманстрантаў з патрабаваннем адысці ад Дома Урада, ён адказаў наступнае: «А навошта звяртацца? Усе людзі, што знаходзіліся на ганку Дома Урада, здзяйснялі супрацьпраўную дзейнасць. Мы іх адтуль прыбралі з прымяненнем фізічнай сілы».

15:39

Адвакат спрабуе высветліць у Кашталянава, дзе знаходзіўся вялікі МАЗ, абсталяваны дынамікамі, з якіх гучалі заклікі разысціся. Міліцыянт, які спачатку казаў, што бачыў грузавік і чуў заклікі разысціся, зараз дакладна не можа паведаміць, дзе гэты аўтамабіль знаходзіўся. Ён таксама мяркуе, што дэманстранты маглі захапіць МАЗ, і таму аўтамабіль з'ехаў з Кастрычніцкай плошчы ў невядомым кірунку. Кашталянаў зноў пабачыў яго толькі на Плошчы незалежнасці.

Абмеркаванне гэтай праблемы было настолькі вострым, што суддзя дала папярэджанні і адвакату і пацярпеламу.

15:27

Спецназаўцы слухаюць паказанні свайго камандзіра ўважліва. Ніхто не смяецца і не спіць. Сам Аляксандо выразна нервуецца.

15:22

Адвакат Ліхавіда пачала задаваць пытанні Кашталянаву. яна адразу яго папярэділа, што хоча пачуць канкрэтныя і дакладныя адказы, а не асабістыя меркаванні. Намеснік камандзіра ПМСП сумеўся, але працягнуў адказваць.

15:18

На пытанне пракурора, якія пашкоджанні атрымаў Кашталянаў, ён адказаў, што ў пэўны момант адчуў боль у назе. Адкуль яна ўзялася, ён дакладна сказаць не можа.

15:09

Кашталянаў расказвае, як спецназ бараніў Дом Урада: «Мы ўвайшлі смела ззаду і сталі перад іім (дэманстрантамі). Спрацаваў факт нечаканасці. Але потым яны (дэманстранты) пайшлі на нас. Выкарыстоўвалі пляшкі, чаранкі ад рыдлёвак, вудачкі. Былі 3-4 спробы прарвацца. Потым наша камандаванне загадала нам сысці. Калі мы сыходзілі, то дэманстранты спрабавалі вырваць супрацоўнікаў з шэрагу. Аднак асабіста мяне не білі».

Кашталянаў, які сведчыў таксам ана працэсе Брэуса і Гапонава, зараз паўтарае паказанні, дадзеныя тады. Аднак словазлучэнне «бясчынствуюшчая талпа» цяпер не выкарыстоўвае. Дэманстрантаў называе «граждане».

15:02

Адвакат скончыла дапытваць Караваева. Наступны пацярпелы - Зяньковіч, аднак ён не меў дакументаў пры сабе, і адвакат не пагадзілася на тое, каб ён даваў паказанні. Абодва пацярпелыя выйшлі з залы суда.

Зараз паказанні будзе даваць Кашталянаў -- намеснік камандзіра палка міліцыі спецпрызначэння.

14:55

Караваеў кажа, што не бачыў Ліхавіда на Плошчы, не бачыў яго супрацьпраўных дзеянняў. Пагромаў, падпалаў, пляшак і каністр з гаручай вадкасцю, вострых металічных прутоў ён таксама не бачыў. Караваеў таксама сказаў, што прымянення зброі дэманстрантамі ён таксама не бачыў.

14:45

Працэс аднавіўся. Адвакат працягвае допыт Караваева. Яна знайшла супярэчнасці ў паказаннях, дадзеным падчас следства і зараз у залі суда. Раней ён казаў, што меў загад адсячы групы людзей, цяпер кажа, што толькі стаяў на плошчы.

Акрамя родных Мікіты Ліхавіда, у залі прысутнічаюць яго сябры -- 3 дзяўчыны і хлопец. Яны кажуць, што Мікіта моцна змяніўся ў СІЗА -- іншы голас, выгляд.

13:52

Перапынак да 14:30.

13:51

Адвакат Ліхавіда працягвае допыт Караваева. Яна вельмі падрабязна распытвае яго аб усіх дробязях і тэрмінах, ужытых спецназаўцам. Той блытаецца і губляецца. Суддзя таксама патрабуе ад Караваева канкрэтных адказаў, але ён не можа іх даць. Не можа дакладна сказаць, як далёка стаяў ад яго натоўп, якія каманды ён атрымоўваў, што адбывалася ўвогуле. Караваеў кажа, што стаяў у шэрагу спецназа. Назіраць за ўсім, што адбываецца, ён не мог.

13:35

Сведка паведаміў адвакату, што з Плошчы людзей рахвозілі войскі, ён думае, што з часткі 3214. Пацярпелы не ведае, чаму людзей разагналі. Ён кажа, што людзі на Плошчы толькі размаўлялі паміж сабой, не аказвалі супраціўлення.

13:34

Караваеў расказаў, што на Плошчы ў дачыненні да яго людзі праводзілі рэлігійныя акты: здымалі порчу, а таксама пагражалі гвалтам яму і яго сям'і.

Прызнанні Караваева аб рэлігійных актах выклікалі рогат саслужбоўцаў. Суддзя была вымугшана павысіць голас трэці раз на спецназаўцаў. "Пацярпелыя, вам весела ўсім?".

13:11

Далейшыя паказанні Караваева -- ён не ведаў колькі ў яго палку чалавек -- выклікалі рогат у спецназаўцаў. Суддзя зноў іх папярэджвае.

13:05

Адвакат паспрабавала высветліць, якімі інструкцыямі кіраваўся сведка Караваеў. Суддзя спачатку адмовіла ў гэтым, але пасля дадатковых тлумачэнняў дазволіла. Аднак спецназавец адмаўляецца адказваць, ад каго атрымліваў загады. Толькі пасля заўвагі суддзі ён успомніў -- кіраўнік палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Лукомскі Аляксандр Валянцінавіч. Спецназаўцаў упартасць свайго калегі развесяліла, і яны пачалі гучна смяцца -- у залі ўсчаўся вэрхал. Судддзя зрабіла заўвагу усім 29 пацярпелым.

13:00

Караваеў паведаміў, што на Плошчы яго ззаду ўдарылі па галаве. Ён думае, што білі металічным прадметам. У выніку ён атрымаў гематому, аднак не ведае, ці на яго шлеме застаўся след ад удару. Ён таксама не ведае, як можна ўпэўніцца ў гэтым.

12.55

Суддзя запыталася, ці належыць Ліхавід да нейкіх партый і рухаў. Ён пацвердзіў, што належыць да Руху "За свабоду", але яго знаходжанне на Плошчы з гэтым не звязана.

Распачынаецца допыт сведкі Віктара Караваева. Адвакат запатрабавала пашпарт спецназаўца -- ён паказаў службовае пасведчанне.

12:49

Ліхавід сцвярджае, што не чуў заклікаў разыходзіцца. Кажа, што пабачыў спецназ толькі тады, калі ён пачаў рассякаць дэманстрантаў. Патрабаванні міліцыі пачуў, толькі калі людзей пачалі адводзіць у аўтазакі.

12:38

Мікіта Ліхавід: «Я ўпершыню ў жыцці згубіў кантроль над сабой. Я раскайваюся ў гэтым».

Зараз яму задае пытанні адвакат. Спецназаўцы адмовіліся нешта ўдакладняць у Ліхавіда. Паведамілі судддзі, што не маюць да падазраванага ніякіх пытанняў.

12:33

Мікіта Ліхавід распавёў, як яго затрымлівалі. Сказаў, што па дарозе ў аўтазак яго зноў збілі. Гэта паведамленне зноў абудзіла спецназаўцаў -- яны пачалі актыўна перашэптвацца і ўсміхацца.

У аўтазаку Ліхавід сядзеў ля акна і бачыў, як па Плошчы хадзілі людзі ў цывільным туды і назад з невядомай яму мэтай.

Кажа, што не бачыў зброі і нейкіх вострых прадметаў, напрыклад ледарубаў, у руках дэманстрантаў.

12:37

Абвінавачаны кажа, што не бачыў ніякіх сілавых дзеянняў з боку дэманстрантаў у дачыненні да міліцыі. Наадварот, ён прыгадаў, як спецназаўцы не давалі разыходзіцца людзям, кажа, што магчымасцяў сысці з Плошчы ў заблакаваных спецназам людзей не было. Расказвае, як спецназ збіваў дзяўчат і хллопцаў. Гэтыя словы абудзіілі спецназаўцаў. Яны зараз уважліва слухаюць яго паказанні.

12:19

Ліхавід расказвае, што бачыў на Плошчы шмат пабітых людзей, таксама расказаў пра тое, што яго самога збілі з ног, ударыўшы пару разоў у спіну.

Палова з 29 спецназаўцаў-сведкаў задрамала.

12:15

Ліхавід адмаўляе, што наносіў удары па супрацоўніках міліцыі. Паведаміў толькі, што бачыў, як адзін са спецназаўцаў на яго вачах згубіў шчыт. Ліхавід разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі вярнулі шчыт міліцыянту.

Ліхавід сцвярджае, што не меў мэты пашкодзіць Дом Урада або трапіць туды, кажа, што проста трапіў паміж натоўпам і Домам Урада. Юнак назваў ідэю захопу Дома Урада глупствам.

12:06

Ліхавід кажа, што наносіў удары у перыяд часу 5--10 хвілін. Сказаў, што вельмі шкадуе аб тым, што здарылася - ён ніколі не думаў, што можа падацца ўплыву натоўпу.

11.55

Мікіта Ліхавід працягвае расказваць аб падзеях 19 снежня. Гаворыць упэўнена, падрабязна расказвае а тым, што бачыў. Гаворыць, што працягваў шукаць сваю сяброўку.

Тым часам траціна са сведкаў-спецназаўцаў задрамала. Яны схілілі галовы ўніз альбо сядзяць проста перад суддзёй з заплюшчанымі вачамі.

11.45

Мікіта Ліхавід дае паказанні. Ён расказаў, што на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня прыехаў у 19.50. Аб правядзенні акцыі даведаўся са СМІ і ад знаёмых. Ён паведаміў, што вырашыў паехаць на акцыю пасля таго, як даведаўся, што туды збіраецца яго сяброўка, з якой нядаўна пасварыўся. М.Ліхавід таксама паведаміў, што непакоіўся за яе і гэта было адной з тых прычын, якія прывялі яго на Плошчу. Аднак там яму яе знайсці не ўдалося.

Юнак адмовіўся паведамляць пракурору імя сяброўкі. Патлумачыў гэта тым, што удзельнікі Плошчы, як правіла, маюць праблемы на вучобе і працы і ён не хацеў бы прычыняць ёй шкоды.

Мікіта таксама распавёў, што не бачыў на Кастрычніцкай плошчы агрэсіўных і п’яных удзельнікаў. З супрацоўнікаў праваахоўных органаў ён бачыў толькі супрацоўнікаў ДАІ.

11.35

Суддзя адмовілася вызваліць Мікіту Ліхавіда пад падпіску аб нявыездзе. Паседжанне працягнутае. Зараз пракурор апытвае М.Ліхавіда.

11.15

Падчас перапынку мама Мікіты Ліхавіда хацела праз адваката перадаць яму невялікую пляшку вады, каб яе сын мог наталіць смагу (у залі вельмі душна). Ахова забараніла жанчыне гэта рабіць.

11.05

Выступіла адвакат Мікіты Ліхавіда Дар’я Ліпкіна. Яна звярнулася да суддзі, з хадайніцтвам аб змяненні меры стрымання М.Ліхавіду. Таксама выказала думку, што разгляд справы павінен быць прыпынены да часу збору большай колькасці доказаў віны яе падабароннага.

Абаронца таксама звярнула ўвагу суддзі на станоўчыя характарыстыкі М.Ліхавіда, стан яго здаро’я (у Мікіты хворыя вочы) і малады ўзрост — 20 гадоў.

Пракурор і пацярпелыя з меркаваннем адваката М.Ліхавіда не пагадзіліся. Суддзя пакінула залю паседжання для прыняцця рашэння.

10.50

Адвакат Мікіты Ліхавіда просіць перакваліфікаваць справу яе падабароннага. Яна лічыць, што абвінавачанню не ўдалося даказаць таго, што ў Мінску мелі месца масавыя беспарадкі. «Я звяртаю увагу высокага суда, што факт масавых беспарадкаў можа быць устаноўлены толькі пасля асобнага разбіральніцтва», — лічыць адвакат. Яна таксама дадала, што пакуль факта масавых баспарадкаў, што нібыта мелі месца ў Мінску 19 снежня, не ўстаноўлена.

10.45

Суддзя Н.Пыкіна адмовілася задаволіць хадайніцтва адваката Д.Ліпкінай. Усе 29 сведкаў-міліцыянтаў будуць сведчыць на працэсе М.Ліхавіда. Паўторнае хадайніцтва адваката юнака таксама было адхіленае.

Пачаў сваю прамову пракурор. Ён паўтарае тое ж, што ужо гаварылі пракуроры на ранейшых працэсах над удзельнікамі Плошчы. Гучаць словы аб масавых беспарадках, бутэльках з гаручай сумессю, узброеным супраціўленні супрацоўнікам міліцыі, пашкоджанні Дому урада. Пракурор абвінавачвае М.Ліхавіду ў тым, што ён ламаў дзверы Дома урада, аказваў узброенае супраціўленне спецназаўцам, біў нашамі і рукамі ў загароджу, прымаў удзел у масавых беспарадках. Мікіта Ліхавід сваю віну прызнаў часткова — ён падцвердзіў толькі тое, што наносіў удары ў драўляныя шчыты, якімі былі закрытыя вокны Дома урада.

Пракурор таксама апісвае цялесныя пашкоджанні, якія атрымалі спецназаўцы на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года.

10.25

Суддзя ўсё яшчэ не прыняла рашэння паводле хадайніцтва адваката М.Ліхавіда. Заля запоўненая цалкам. Яна адносна невялікая. Мікіту Ліхавіда ахоўваюць 4 міліцыянты. У адрозненне ад суда над грамадзянамі Расіі І.Гапонавым і А.Брэусам, дзеянні журналістаў яны практычна не кантралююць — не перашкаджаюць размовам і тэлефанаванням.

10.00

Суддзя Наталля Пыкіна пачала апытваць М.Ліхавіда. Адным з першых запытала, ці валодае Мікіта расійскай мовай і ці можа адказваць на ёй на пытанні. М.Ліхавід пагадзіўся весці паседжанне па-расійску. Юнак адказваў на пытанні канкрэтна і ўпэўнена, выглядае таксама бадзёра.

Пасля апытання падазраванага суддзя папрасіла ўстаць пацярпелых. Яны усталі — іх аказалася 29. Адвакат запярэчыла таму, што ўсе 29 супрацоўнікаў міліцыі могуць лічыцца пацярпелымі. Раней толькі 15 з іх фігуравалі ў справе аб масавых беспарадках. З пярэчаннямі адваката не пагадзіўся пракурор, а вось пытанне суддзі да спецназаўцаў, ці лічаць яны сябе пацярпелымі выклікала у іх рознагалоссі — частка супрацоўнікаў праваахоўных органаў выказала жаданне не прызнаваць сябе пацярпелымі. Аднак калі суддзя апытала кожнага з міліцыянтаў асабіста, то яны усе ізноў пагадзіліся быць пацярпелымі.

Зараз суддзя выйшла ў асобнае памяшканне для прыняцця рашэння па хадайніцтву адваката М.Ліхавіда.

9.50

У залю суда запусцілі журналістаў. Заходзіць дазволілі прыкладна у 9.30. Праз дзесяць хвілін з залі выдалілі фотажурналістаў і відэаператараў, пасля гэтага першыя чатыры шэрагі занялі моцныя маладыя людзі. Сярод іх некалькі «пацярпелых» спецназаўцаў, вядомых па працэсу над Брэусам і Гапонавым.

У залі прысутнічаюць назіральнікі ад АБСЕ, праваабаронцы, маці Мікіты Ліхавіда, прадстаўнікі нямецкай і шведскай амбасадаў.

22 сакавіка ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачынаецца працэс па справе Мікіты Ліхавіда, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня (па ч.2 арт.293 КК РБ).
Пачатак судовага працэсу, а 10-ай раніцы. «НН» будзе весці онлайн-трансляцыю з залі суда.

Нагадаем, што актывіст Руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід быў затрыманы 19 снежня на плошчы Незалежнаці і асуджаны на 15 сутак арышту ў Жодзінскім СІЗА. Аднак 23 студзеня пастанова аб арышце была адменена, і Мікіта быў пераведзены ў статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках. З Жодзіна яго перавялі ў мінскую «Валадарку».

Сёння, у судзе Маскоўскага раёне Мінска, а 13-й гадзіне таксама пачнецца разгляд крымінальнай справы Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава.

Маладафронтаўцаў затрымалі 18 снежня, перад самымі прэзідэнцкімі выбарамі. Паводле версіі следства, Дашкевіч, Лазар і Лобаў 18 снежня 2010 года з хуліганскіх памкненняў беспадстаўна і наўмысна, кулакамі і металічнымі абцугамі збілі двух грамадзян. Дзяніс Лазар зранку 28 снежня быў адпушчаны на волю і ўсе падазрэнні з яго былі знятыя, справа ў адносінах да яго спынена. Абвінавачанне Змітру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву было прад’яўлена 6 студзеня. Ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

***

Абвінавачванымі па справе аб масавых беспарадках з’яўляюцца 42 чалавекі. Сямёра з іх ужо асуджаны: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?