Нацыянальны банк Беларусі спыніў продаж валюты камерцыйным банкам для абменных пунктаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар — начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў.

«У сувязі з тым, што мы змянілі тэрміны рэзервавання куплі валюты на валютна-фондавай біржы (з 1 да 30 дзён) і банкі не маглі купіць валюту для папаўнення абменных пунктаў, лістом ад 15 сакавіка мы дазволілі ім купляць валюту непасрэдна ў Нацбанку. А 22 сакавіка мы адмянілі дзеянне гэтага ліста, вось і ўсё. І няма тут нічога страшнага», — заявіў Драздоў.

Такім чынам, банкам

прапанавана самастойна вырашаць пытанне забеспячэння ўнутранага рынку замежнай валютай з дапамогай усіх магчымых інструментаў, у тым ліку шляхам куплі яе ў фізічных асоб.

Раней у Нацбанку заяўлялі пра адсутнасць намераў абмяжоўваць доступ банкаў да валюты для задавальнення попыту з боку насельніцтва. «Доступ насельніцтва да валюты будзе свабодным. Беларускія банкі будуць забяспечвацца валютай у поўным аб’ёме для задавальнення попыту, каб паказаць, што беларускі рубель — прагназаваная і надзейная валюта», — заявіў журналістам 17 лютага намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны.

Паводле слоў эканаміста Сяргея Чалага, Нацбанк сапраўды спрабаваў забяспечыць насельніцтва валютай. У інтарэсах насельніцтва быў абмежаваны доступ да валюты юрыдычным асобам. Акрамя таго, з-за валютнай панікі камерцыйным банкам дазволілі купляць валюту для абменных пунктаў у Нацбанка без удзелу біржы.

«Банкі для абменнікаў маглі купляць валюту ў памеры чыстага продажу за папярэдні дзень. Такім чынам Нацбанк спрабаваў тушыць пажар, але сродкаў хапіла на тыдзень. І, мабыць, пажар так і не патушылі», — адзначае Чалы.

Зыходзячы з наяўнай сітуацыі, эксперт прагназуе з’яўленне «валютчыкаў, множнасці курсаў, што дэ-факта ўжо ёсць, і неграшовых форм разлікаў». Паводле яго слоў, на рынку «ўжо ёсць прапановы разлічвацца прадукцыяй».

Эканаміст лічыць сітуацыю на валютным рынку крытычнай. «Калі не вырашыцца пытанне з расійскім дзяржкрэдытам у 1 млрд. долараў і 2 млрд. долараў з фонду ЕўрАзЭС, цяжка ўявіць, што нас чакае», — дадаў Чалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?