У судзе па іску недзяржаўнай газеты «Народная воля» да Міністэрства інфармацыі абвешчаны перапынак да 12.00 28 сакавіка. Як заявіла суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда Кацярына Караткевіч, ёй трэба абдумаць высновы бакоў.

Слуханні па іску пачаліся ў ВГС сёння раніцай. «Народная воля» просіць суд прызнаць несапраўдным папярэджанне Мінінфарма ад 14 студзеня 2011 года. Чыноўнікі ўгледзелі парушэнне закона ў вераснёўскай заметцы «Хто пачуе лозунг „Сыходзь!“?», у якой гаварылася пра пачатак акцыі «Маладога фронту». Выданне папярэджана за «распаўсюджанне інфармацыі ад імя арганізацыі, якая не прайшла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю».

Як заявіў сёння ў судзе галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч, «папярэджанне Міністэрства інфармацыі не мае пад сабой ніякай глебы» і з’яўляецца «прыкладам цэнзуры ў адносінах да незалежнай прэсы, а таксама непрафесійнага выканання сваіх службовых абавязкаў прадстаўнікамі міністэрства».

Аўтар артыкула, журналістка Любоў Лунёва, заявіла, што яна пісала пра грамадзянскую кампанію «Сыходзь!», якую праводзілі шэраг маладзёжных ініцыятыў, а не пра «Малады фронт».

Сярэдзіч да гэтага дадаў, што ў публікацыі яны цытавалі Дзмітрыя Дашкевіча не як прадстаўніка «Маладога фронту», а як прыватную асобу.

Прадстаўнік істца Гары Паганяйла прывёў суду шэраг прыкладаў, калі дзяржаўныя выданні ў публікацыях узгадвалі не зарэгістраваныя ў Беларусі арганізацыі (напрыклад, НІСЭПД і «Малады фронт»), а таксама давалі слова іх прадстаўнікам.

Аднак на думку прадстаўнікоў Мінінфарма, гэтыя прыклады не маюць адносінаў да гэтай справы. Яны лічаць, што ў публікацыі мела месца заява ад імя незарэгістраванай арганізацыі: Зміцер Дашкевіч быў прадстаўлены як лідар «Маладога фронту» і, паведамляючы пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі, выкарыстаў займеннік «мы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?