Зважаць на безгустоўнае аздабленьне ня варта. Беларускамоўны дыск грамадзянкі Расеі – прадукт якасны і прэзэнтабэльны. Агурбаш-Ялінская крыху не дацягвае да той ролі, якую выконвае Верка Сярдзючка для Ўкраіны, але папулярызаваць беларускую песьню на постсавецкіх яна здолее. Падборка песень – звышпапсовая. І гэта добра – «Касіў Ясь», «Я ж цябе падманула», «Купалінка» запамінальныя і добра вязнуць на вушах тых, хто ня ёсьць носьбітам беларускай мовы. Значыць, адну функцыю дыск пасьпяхова выконвае.

Другая частка праграмы – песьні, якія тады яшчэ Ліка Ялінская сьпявала ў пару «Верасоў», калі для яе штатным парадкам пісалі Уладзімер Някляеў і Леанід Пранчак. «Раз ды разок», «Белае віно ды чырвонае», «Малады ды нежанаты» – для настальгуючых па сьветлых часах беларускай эстрады, калі галоўны дырыжор краіны вітаўся з усімі словамі «Жыве Беларусь!», а эстраднікі стваралі цэлыя цыклі песень на тэму Адраджэньня. «Уздымем горда бел-чырвона-белы сьцяг», – гэта запеў зь песьні «Наўздагон» той жа Ялінскай, што, відаць, з прычын карэктнасьці ня трапіла ў гэты альбом.

Урэшце, ёсьць на «Беларусачцы» і абсалютны сьвяжак, створаны Агурбаш ужо за маскоўскім жыцьцём. Як песьня «Вянок» на верш таго ж Някляева. Прафэсійна аранжавана, чысьценька запісана, з увагай на бэк-вакалы і малазаўважныя гітарныя партыі, з эмоцыяй і пачуцьцём прасьпявана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?