Гурт «Палац» працягвае перавыдаваць сваю спадчыну. Сьледам за дэбютным альбомам у продажы зьявілася самая недаацэненая праграма Хаменкі і кампаніі – «Дарожка». Яе былі запісалі дзесяць гадоў таму, і існавала яна толькі на касэтах.

Заўважце, тады ў складзе гурту былі і Юры Выдронак, і Зьміцер Вайцюшкевіч, а дзе-нідзе падпявалі Вераніка Круглова і басіст легендарнага «Сузор’я» Аляксей Казлоўскі. На «Дарожцы» – уся «палацаўская» смаката. Тут і фольк-рок «Борам», «А ці дома» (гэты шлях «Палац» абярэ надалей), і псыхадэлічныя фольк-электронныя экспэрымэнты («Дарожка», «Казачэнька»), і намаганьне спалучыць беларускую і сусьветную музычную тэндэнцыю (ангельскамоўныя чытанкі Казлоўскага і галашэньне Кругловай у «Freeze to me, mama»). А ў «Казачэнькі» музыкі скарысталі старажытнае танга «Дона Кляра» і голас Гітлера. Да ўсяго яшчэ ж ёсьць зусім не характэрная для «Палацу» паўночнаамэрыканская індзейская песьня «Сame Out of the Wilderness», сугучная з Pink Floyd. Менавіта іхні пірацкі варыянт увайшоў колісь на скандальны відэафільм «Незвычайны канцэрт».

А чаго вартая кранальная песьня «Вецер», якую пасьля Алег Хаменка прысьвяціць Стэфаніі Станюце. Што самае галоўнае – на «Дарожцы» час не адбіўся, гэты альбом гучыць абсалютна актуальна ў 2006 г. Для 1996 г. ён быў, відаць, занадта сьмелы. «Дарожку» без сумневу можна ўключыць у асноўныя здабыткі беларускай сучаснай музыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?