Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксей Міхалевіч сёння пакідае цэнтр прыёму бежанцаў МУС Чэхіі. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Ілья Глыбоўскі, які валодае інфармацыяй пра становішча беларускага палітычнага бежанца ў Чэхіі.

Пра атрыманне палітычнага прыстанішча ў Чэхіі Міхалевіч напісаў жонцы Мілане па электроннай пошце 23 сакавіка. У той жа дзень генеральны пракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што Беларусь можа накіраваць у Чэхію запыт аб экстрадыцыі палітыка.

Міхалевіч з’яўляецца абвінавачваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года (арт. 293 КК). Ён быў затрыманы ў ноч на 20 снежня.

19 лютага палітыка адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе са следчага ізалятара КДБ.

28 лютага Міхалевіч заявіў, што быў вызвалены пасля дачы згоды стаць агентам КДБ. Ён сказаў, што вымушаны быў пайсці на такі крок «з-за жудасных умоў утрымання ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаванні». У той жа дзень у тэлефоннай размове чэшскі міністр замежных спраў Карэл Шварцэнберг выказаў Міхалевічу падтрымку і пацікавіўся, чым беларускім зняволеным можа дапамагчы Еўрасаюз. У адказ беларускі палітык прапанаваў, каб пытанне аб катаваннях было ўзнята ўпаўнаважаным ААН па правах чалавека і каб міжнародныя структуры дабіваліся доступу да беларускіх палітзняволеных.

Паведамленне аб знаходжанні Міхалевіча «не ў зоне дасягальнасці беларускага КДБ» з’явілася ў яго блогу 14 сакавіка. «Для мяне існуе адзіная прычына, якая апраўдвае такія мае крокі, — гэта рэальная фізічная пагроза, — пісаў Міхалевіч. — Усе бачаць, што гэтыя людзі гатовы пайсці на ўсё, у іх дзеяннях няма законнасці і адкрытасці».

18 сакавіка прэс-служба чэшскага МЗС паведаміла БелаПАН, што Міхалевіч знаходзіцца на тэрыторыі Чэхіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?