У сюжэце таксама фігуравалі Статкевіч, Міхалевіч, Халіп і Радзіна.

 СТВ паказала кадры аператыўных здымак допыту Мікіты Ліхавіда.

СТВ паказала кадры аператыўных здымак допыту Мікіты Ліхавіда.

27 сакавіка праграма «Нядзеля» на тэлеканале СТВ была прысвечаная фігурантам справы 19 снежня. У ёй гаварылася пра вынясенне абвінавачвання Андрэю Саннікаву, пра тое, што іншы фігурант справы, таксама экс-кандыдат, Мікола Статкевіч скончыў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.

Вядучы перадачы падкрэсліў, што Статкевіч «падісаў пратакол, не выказаўшы сумненняў у даказальнасці сваёй віны».

Статкевіч яшчэ не аднойчы згадваўся ў сюжэце. СТВ прадэманстравала кадры аператыўных здымак з удзелам Мікіты Ліхавіда, вырак па справе якога будзе вынесены 29 сакавіка.

«Статкевіч сказаў, што мы ідзём браць рэзідэнцыю Прэзідэнта. Я падумаў, што гэта трызненне вар’ята. Браць рэзідэнцыю! Там аховы, як у ядзернай шахце, там муха не праляціць!» — прыводзіць словы Ліхавіда СТВ.

У сюжэце прагучалі таксама прызнанні апошніх затрыманых па справе 19 снежня Дзяніса Гусельцава, Аляксея Шарстова і Віталя Мацукевіча. Апошні папрасіў прабачэння ў пацярпелых і ўсяго беларускага народа.

У нядзельнай перадачы падкрэслівалася, што апазіцыйныя рэсурсы называлі апошніх затрыманых правакатарымі ад спецслужбаў. У сюжэце яны адмаўлялі гэта. Услед за імі ў кадры з’явіўся і «Навушнік», пра якога шмат пісалі ў сеціве пасля падзей 19 снежня.

Уладзімір Хамічэнка палумачыў чаму трымаўся за вуха: «Ну, гэта няпраўда. Усё. Стопудова. Я ні з якой не са спецслужбы. У меня вуха баліць. Паспаў я на бетоне вухам гэтым, пасля гэтага я выйшаў — у мяне вуха забалела».

Таксама ў сюжэце нагадалі пра прызнанні Алеся Міхалевіча пра катаванні ў турме КДБ і пра яго ўцёкі ў Чэхію. У якасці контраргументаў СТВ прывяло словы Арцёма Брэўса адразу ж пасля вызвалення ў зале суда пра тое, што ў турме было нармальна.

Не абмінулі ў сюжэце і выступленне Лукашэнкі перад чарговай групай расійскіх журналістаў. Было агучана тэлефанаванне Ірыны Халіп у момант затрымання і словы Лукашэнкі пра тое, што гэта было інсцэніроўкай. Нібыта потым яна патэлефанавала маці і папрасіла пакарміць сына. Гэты аўдыёфайл СТВ чамусьці не агучыла.

Карэспандэнты «Сталічнага тэлебачання» не паленаваліся з’ездзіць у Кобрын, каб адшукаць сярод месцічаў тых, хто ведае апазіцыйную журналістку Наталлю Радзіну. Не адшукалі.

Напрыканцы перадачы ў чарговы раз пералічылі грошы Захаду выдзеленыя на падтрымку беларускай апазіцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?