Нядаўна выбраны старшынём сталічнай шахматнай фэдэрацыі прадпрымальнік Пётар Герасімовіч па-свойму «раскручвае» любімую гульню. Улетку спансараваў турнір для вэтэранаў, а нядаўна яму заманулася ўлагодзіць прыгожы пол. Арганізатар першага турніру сярод жаночых клюбных каманд плянаваў, што ў Менск прыедуць прынамсі сем-восем такіх камандаў; 19 лістапада ў вэстыбюлі Палацу шахмат іх сабралася… дзьве. «Ну што ж, згуляйце міжсобку матч!» – зьбянтэжана парадзіў Уладзімер Гінзбург, адказны за клюбныя спаборніцтвы ў Беларускай фэдэрацыі шахмат. Аднак гранд-дамы – чэмпіёнка Беларусі Наталя Папова, міжнародны майстар Наста Сарокіна, якая накоратка вярнулася з Аўстраліі, – паставіліся да прапановы скептычна: «Або турнір, або нічога…» Скончылася ўсё банкетам з цукеркамі.

Дзіўную пасіўнасьць патэнцыйных удзельніц сп.Гінзбург патлумачыў тым, што ім «няма куды адбірацца»: у жаночым чэмпіянаце Эўропы сярод клюбаў прымаюць усіх, абы грошы былі. А мо імпрэзу слаба разрэклямавалі? Цяжка паверыць, што ў «сінявокай» не знайшлося б 35–40 шахматыстак, гатовых утварыць адмысловыя каманды. У чэмпіянаце Беларусі выступаюць акурат чатыры тузіны жанчын і дзяўчат…

І першая ліга сёлета падзівіла, але менш непрыемна. «Ніколі не было гэтулькі моладзі – што ў жаночым, што ў мужчынскім турніры», – сказаў галоўны судзьдзя. У выніку моладзевага нашэсьця гераіня Сусьветнай алімпіяды міжнародны майстар Тацяна Бэрлін апынулася ля «разьбітага карыта». А ў Вышэйшай лізе ўвесну 2007 г. згуляюць Лана Стацко і Каця Хамякова, якім няма і 16.

У мужчынаў няўдала выступіў пераможца леташняга адборачнага этапу Ігар Люцко – 22-е месца. Гросмайстар – чалавек настрою… Першае месца заняў 25-гадовы Ўладзімер Куцанкоў з клюбу «Вясьнянка» (7 балаў з 9). Фармальна ён кандыдат у майстры, ды яго посьпех цяжка назваць сэнсацыяй: Уладзімер, чый рэйтынг вырас за пару гадоў амаль на 200 пунктаў, заваяваў тры балы міжнароднага майстра. Празарлівасьць менскага электрыка, не абдзеленага камбінацыйным зрокам, мы шматкроць выпрабавалі на сабе, сядаючы зь ім за «бліц».

У.Куцанкоў – С.Міхайлоўскі. Менск, 2006. Ход белых.

Адказ (вылучыце, каб паглядзець): 1. d5! «Тут часта гуляюць 1. a3, aле ход з партыі мае тактычнае абгрунтаваньне: 1…b4 2. dc bc 3. cd cb 4. dcФ baФ 5. Фd8 Td8 6. Фc2 і фэрзь a1 у пастцы», – патлумачыў У.К. Да дуэлі чатырох фэрзяў справа, аднак, не дайшла: замест 3…сb чорныя згулялі 3…Сb7 і пасьля 4. с5!? Ke4 (лепш было 4…Фd7) 5. cd Cf6 6. Cd3 у белых выявілася перавага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?