Пакуль увага Захаду прыкаваная да рэвалюцый у арабскім свеце, дыктатура ў Беларусі ўсё мацней раскручвае механізм рэпрэсій, піша Le Monde.

Заснавальнік і старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, які 24 сакавіка наведаў Парыж, заклікаў французскі МЗС ужыць эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму.

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека найбліжэйшым часам мае намер апублікаваць даклад аб рэпрэсіўных акцыях уладаў Беларусі. Па словах кіраўніка місіі FIDH ў Беларусі Сашы Кулаевай,

«навіной сталі рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў, якія абараняюць затрыманых, у прыватнасці, кандыдатаў ад апазіцыі». Яна адзначае, што «такога не было нават за савецкім часам».

21 сакавіка ЕС дадаў 19 імёнаў да спісу з 158 беларускіх службовых асобаў, якім забаронены ўезд у ЕС праз іх датычнасць да нядаўніх рэпрэсіяў. Аднак гэтыя меры, па словах старшыні «Вясны», «малаэфектыўныя». «Лукашэнка вельмі спалохаўся, — прыводзіць словы Бяляцкага выданне. — Як мы бачылі на прыкладзе Туніса і Егіпта, такія рэжымы могуць загінуць у любы момант. Перад выбарамі яму здалося, што свабода слова прывядзе да страты кантролю над грамадствам, і ён спалохаўся».

Бяляцкі выступае за ўзмацненне жорсткасці санкцый эканамічнага парадку, каб задушыць рэжым і справакаваць яго распад.

«У іх страўнік замест мозгу, — кажа пра беларускіх чыноўнікаў Бяляцкі. — Яны думаюць толькі пра прывілеі і міжнародныя крэдыты.
Калі з імі гавораць пра гуманістычныя каштоўнасці, у вачах у іх пуста».

На думку Бяляцкага, Еўрасаюзу варта разгледзець тры тыпы мераў: спыненне прадстаўлення крэдытаў, адмова ад закупак зброі і нафтапрадуктаў у Беларусі. «Калі дзейнічаць хутка, рэжым можа рухнуць у лічаныя месяцы», — лічыць праваабаронца.

Пры гэтым Le Monde піша са спасылкай на пэўныя крыніцы, што

беларускія валютныя рэзервы амаль вычарпаныя, рэальны дэфіцыт бюджэту дасягае катастрафічных велічыняў, над краінай навісла пагроза дэвальвацыі.
«Трэба спыніць Лукашэнку цяпер, інакш ён стане другім Кадафі», — цытуе выданне словы Сашы Кулаевай.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?