За гадзіну ў Горадні ў кватэры, дзе жыве зь сям’ёю журналіст «Газэты выборчай» Андрэй Пачобут, тры супрацоўнікі КДБ апісалі яго маёмасьць.

Як распавёў Андрэй Пачобут «Свабодзе», тры супрацоўнікі КДБ паказалі пастанову сьледчага абласной пракуратуры пра тое, каб накласьці арышт на маёмасьць. Яны агледзелі кватэру і выбралі найбольш каштоўныя, на іхні погляд, рэчы. Забралі яны толькі кампутар як «прыладу злачынства», кажа журналіст, бо яго падазраюць у тым, што ён у інтэрнэце зьняважыў прэзыдэнта, а гэта было ўчынена з дапамогай кампутара, патлумачылі яму.

На пральную машыну, тэлевізар і трэнажор наклалі арышт. Чаму? Супрацоўнікі КДБ патлумачылі, што ў пацярпелага А.Лукашэнкі ёсьць правы, у тым ліку — права на кампэнсацыю маральнай шкоды, якая была яму нанесеная журналістам.

Учора ў дачыненні да Андрэя Пачобута была распачата крымінальная справа паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса аб абразе прэзідэнта РБ.

Андрэй Пачобут у ёй падазраваны. Справу пачаў пракурор Гарадзенскай вобласьці Віктар Марозаў на падставе васьмі артыкулаў у «Газэце Выборчай», аднаго — на «Беларускім партызане» і яшчэ аднаго — у прыватным блогу журналіста.

***

Нагадаем, што за журналіста Андрэя Пачобута заступіліся ўплывовыя польскія палітыкі і чыноўнікі.

Глядзі яшчэ: Пацярпелы Лукашэнка. Крымінальная справа N11025190007
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?