7 сьнежня ў прэзыдыюме Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС) прайшлі папярэднія слуханьні па справе царквы «Новае жыцьцё», на якім бакі выказалі патрабаваньні і ўдакладнілі свае пазыцыі. Менгарвыканкам пазыцыі не зьмяніў. Гэта пацьвердзіў прадстаўнік Менгарвыканкаму юрысконсульт Камітэту па землеўпарадкаваньні Ігар Касьпяровіч. Ён дадаткова адзначыў, што «царква, як уласьнік памяшканьня ня мела права выкарыстоўваць яго (памяшканьне) ні ў які спосаб». Варта нагадаць, што ВГС распачаў разгляд гэтай справы ў першай інстанцыі пасьля таго, як 4 лістапада прэзыдыюм ВГС адмяніў папярэднія рашэньні Менскага гаспадарчага суду адносна царквы.

Прадстаўнікі царквы таксама пацьвердзілі нязьменнасьць намераў, зазначыўшы, што маюць дадатковыя патрабаваньні. Яны заключаюцца ў просьбе зьмяніць мэтавае прызначэньне будынку на культавае, а таксама зьмяніць мэтавае прызначэньне зямельнага надзелу. Па словах праўніка царквы Сяргея Луканіна, робіцца гэта для таго, каб царква ізноў не апынулася па-за законам. Ён адзначыў таксама, што пазыцыя Менгарвыканкаму сьведчыць пра тое зацягваньне вырашэньня пытаньня.

Дата наступнага пасяджэньня павінна быць агучаная цягам двух тыдняў. Судзьдзя Караткевіч растлумачыла, што бакі атрымаюць адпаведнае паведамленьне поштай.

8 сьнежня царква «Новае Жыцьцё» атрымала ліст з Упраўленьня ўнутраных справаў Адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску за подпісам начальніка ўпраўленьня В.А.Сінякова. У лісьце паведамляецца, што царкве адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да журналісткі Л. Джураевай, а таксама ўдзельнікаў яе сюжэту А.Рабіцавай і І.Янушкевіча. Нагода – адсутнасьць у дзеяньнях апошніх прыкметаў злачынства.

Царква мае права абскардзіць дадзенае рашэньне ў пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску. Нагадаем, што сюжэты, зробленыя Л.Джураевай, выклікалі пратэст у вернікаў царквы «Новае жыцьцё», бо, на іх думку, мелі паклёпніцкі характар, не адпавядалі рэчаіснасьці і нанесьлі шкоду рэпутацыі царквы. Кіраўніцтва царквы прапанавала каналу СТВ абвергнуць агучаную інфармацыю, прыгразіўшы, у адваротным выпадку, зьвярнуцца ў праваахоўчыя органы.

На сёньня ў царкве праходзіць штодзённая вахта: увесь час у будынку царквы знаходзяцца 10-15 чалавек. Так будзе да канчатковага вырашэньня сытуацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?