Высілкамі сяброў ТБМ пачало працу бюро перакладаў «LINGVA-BY». Яно ажыцьцяўляе пераклад на беларускую, расейскую, ангельскую, нямецкую, польскую, літоўскую мовы, а таксама са швэдзкай і францускай моў. Неўзабаве сьпіс папоўніцца чэскай мовай.

Каардынатар Сяржук Кручкоў называе прычынай стварэньня бюро частыя звароты да грамадзкага аб’яднаньня з боку айчынных і замежных вытворцаў з просьбамі перакласьці дакумэнтацыю на беларускую мову. Бюро мае шэраг асаблівасьцяў, якія адрозьніваюць яго ад іншых перакладчыцкіх кантораў. Адна зь іх — усе перакладчыкі ня толькі на прафэсійным узроўні валодаюць замежнымі мовамі, але ёсьць актыўнымі носьбітамі беларускай, што дазваляе ім рабіць прамы пераклад з/на беларускую. Гэта эканоміць час ды пазбаўляе кліентаў ад дадатковых выдаткаў.

Прыём замоваў, аплата і атрыманьне падрыхтаванага перакладу можа зьдзяйсьняцца праз Інтэрнэт. Пры гэтым стваральнікі сэрвісу падкрэсьліваюць некамэрцыйнасьць сваёй дзейнасьці. «Галоўная задача ў тым, каб максымальна пашырыць выкарыстаньне беларускай мовы сярод айчынных вытворцаў», — кажа С.Кручкоў. У праекце задзейнічаныя выпускнікі Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, Інстытуту мовазнаўства НАН Беларусі, беларусы замежжа.

Бюро ўжо мае ў актыве сталых кліентаў. Гэта ТАА «Аквасан» — вытворца бытавой хіміі, прадстаўніцтва фірмы «Бош» у Беларусі, Беларуская чыгунка, Менскі мэтрапалітэн, францускае пасольства, фабрыка кандытарскіх вырабаў «Слодыч», Дзяржстандарт. Таксама гатовыя пераклады: праект новых беларускіх правілаў дарожнага руху, пераклад сайту BELSYS GROUP (міжнародныя грузаперавозкі), паштовай службы «Тэлеграф», лякалізацыя праграмы Інтэрнэт-тэлефаніі Skype, лякалізацыя комплексу дыстанцыйнага навучаньня Moodle, Дзяржстандарт «Тавары нехарчовыя».

Больш падрабязна пазнаёміцца зь дзейнасьцю сэрвісу можна па адрасе www.lingva-by.com. Тамсама можна знайсьці расцэнкі на паслугі.

Дзейнасьць бюро мае дысцыплінаваць як сваіх, так і замежных вытворцаў, чыя прадукцыя афармляецца па-беларуску. Застаецца чакаць, што беларускі спажывец ня будзе больш ламаць галаву над дзіўнымі інгрэдыентамі расейскай макароны «Макфа», сярод якіх ёсьць і загадкавы плушч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?