Перад натаўскім самітам у Рызе на сайце Мілінкевіча было падкрэсьлена: акрамя знакамітых заходнікаў, туды прыедзе "прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Ўладзімера Пуціна — старшыня Рады ў пытаньнях замежнай і абароннай палітыкі Сяргей Караганаў".

Піяраўскія меркаваньні паплечнікаў Мілінкевіча зразумелыя. Аднак можна паспрачацца, наколькі карэктна называць Караганава прадстаўніком адміністрацыі Пуціна.

Так, ён ходзіць там у дарадцах, кансультуе, але ўвогуле ягоны офіс не ў Крамлі. Праўду сказаць, побач.

У траўні 2004-га, калі мы ехалі на гутарку з Караганавым, мікрааўтобус пятляў зусім побач з Краснай плошчай.

Памятаю, жартам сказаў тады калегам: "Праўду пішуць, што Караганаў — блізкі да Крамля палітоляг".

Кіравалі ж мы на Мохавую, 8. Масква сапраўды была колісь вялікай вёскай, і на гэтай вуліцы гандлявалі мохам — канапаціць хаты.

Цяпер на Мохавай месьціцца Інстытут Эўропы Расейскай акадэміі навук. Караганаў там намесьнікам.

Што ж да Рады ў пытаньнях замежнай і абароннай палітыкі, дык там у яго, лічыце, грамадзкая нагрузка.

І сама гэтая структура ня ёсьць, як каму-кольвек уяўляецца, нейкай афіцыйнай інстытуцыяй кшталту нашай грознай Рады бясьпекі. Гаворка ўсяго толькі пра недзяржаўную арганізацыю (з эфэктнай, не спрачаюся, назвай).

Трэці сэктар, спадарства! NGO. Адкуль выйшаў, дарэчы, і Мілінкевіч.

Яшчэ Караганава прызначылі пазалетась сустаршынём расейска-беларускай праваабарончай камісіі. Але, насуперак надзеям асобных энтузіястаў, яна ня стала надта дапякаць Менск непрыемнымі пытаньнямі. Выглядае хіба патэнцыйным элемэнтам псыхалягічнага ціску.

Дык вось, тым разам Караганаў, шляхетны, трохі падобны да іншаплянэтніка, прымаў нас, групу беларускіх журналістаў, у сваім інстытуцкім кабінэце.

Пра беларускі рэжым гаварыў, мякка кажучы, без аніякай сымпатыі. Але мне падалася ключавой вось гэтая думка: мы, маўляў, ня хочам атрымаць на заходняй мяжы "дзяржаву, якая валіцца".

Вось яно, галоўнае: маскоўскім стратэгам патрэбная ў Беларусі найперш не дэмакратыя, а моцная і ляяльная ўлада. Страшней за ўсё, што хаўрусную краіну ахопіць пажар якой-небудзь каляровай рэвалюцыі з наступным дрэйфам на Захад.

На Мілінкевічу ж Крэмль адразу паставіў кляймо заходніка.

Таму хоць і сустрэўся зь ім Караганаў у Рызе, аднак потым наладзіў халодны душ. Даслоўна: "Я паважаю Мілінкевіча, але для лідэра ён надта слабы... Варыянт зь Мілінкевічам ня пройдзе".

Ня пройдзе — дзе? У Крамлі?

У айчыннай апазыцыі, як вядома, таксама далёка ня ўсе лічаць экс-кандыдата бясспрэчным правадыром. Але у Масквы свае крытэры. Гэтак сама крамлёўскія дарадцы скажуць пра любога беларускага палітыка, што стаіць на грунце нацыянальных ды эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Нават калі ў яго будзе значна большы рэйтынг.

Згадайце, як да апошняга ваяваў Крэмль супраць Юшчанкі.

Так што мэсыдж Караганава празрысты: заходнікі нам сто гадоў не патрэбныя.

Рафінаваны маскоўскі інтэлектуал з позіркам мудрага марсыяніна насамрэч глядзіць на Беларусь са званіцы вялікадзяржаўных інтарэсаў.

І гэта для яго лягічна. Ня будзем кідаць камень у далёка ня самага адыёзнага прадстаўніка тамтэйшай эліты.

Проста трэба выразна ўсьведамляць: нават самыя прагрэсіўныя дзеячы іхняй эліты бачаць нашу краіну калі ня часткай імпэрыі, то сатэліткай.

Але будучая дэмакратычная Беларусь паводле вызначэньня ня можа быць прарасейскай. Яна мусіць быць нарэшце сапраўды беларускай Беларусьсю.

Кідацца ў расеяфобію, вядома ж, ня варта. Проста не забывайма, што раней рак на гарэ сьвісьне, чым нашай дэмакратыі паспрыяюць з усходу.

Фота Анвара Галеева, а таксама з сайту Аляксандра Мілінкевіча і архіву аўтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?