У Мінску ў кватэры па вуліцы Бялецкага супрацоўнікі міліцыі збілі і затрымалі жыхара Слуцка Вадзіма Раманава.

Вадзіма Раманава супрацоўнікі праваахоўных органаў некалькі разоў запрашалі для размовы ў сувязі з тым, што яго тэлефон знаходзіўся ў раёне плошчы, дзе праходзіла акцыя пратэсту 19 снежня. Малады чалавек адмаўляўся, паколькі быў заняты на працы і здаваў сэсію.

31сакавіка каля 21.00 Вадзіму Раманаву патэлефанавалі на хатні нумар тэлефона ў Мінску і запрасілі з’явіцца для размовы ў РАУС 1 красавіка ў 9.30. Ён пагадзіўся. Праз некалькі хвілін у дзверы пастукалі.

Па словах Галіны Ісаевай, дзяўчыны Вадзіма Раманава, дзверы ледзь не выламвалі. «Праз 10 хвілін мы адкрылі, — распавядае Галіна. — У кватэру ўварваліся двое: адзін у міліцэйскай форме, другі ў чорным. Яны не прадставіліся і патрабавалі нашы пашпарты. «Дзе жывем? Дзе вучымся? Дзе працуем? Хто вы такія?» - Пыталіся гэтыя людзі, калі мы пацікавіліся, на якой падставе павінны прад’яўляць дакументы».

Як распавяла Галіна, госці рыліся ў іх рэчах, шукаючы пашпарты. На яе вачах міліцыянты збілі Вадзіма. «Спачатку той, што ў чорным, ударыў яго нагой у жывот. Потым яны штурхалі яго нагамі, павалілі на падлогу, заламалі рукі і надзелі кайданкі. Яму нават не далі абуцца! — Кажа Галіна. — Ён употай ўзяў тэлефон і патэлефанаваў мне з аддзялення. Сказаў, што сядзіць на голай падлозе ў калідоры. Потым мабільнік у яго забралі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?