Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Мінскую вобласць 1 красавіка «запатрабаваў максімальна паскорыць работу па стварэнні ў Беларусі новых бульбасховішчаў, у першую чаргу за кошт рэканструкцыі пустых памяшканняў і тых, што неэфектыўна выкарыстоўваюцца», паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Захоўваць ураджай бульбы ў буртах, дзе страты дасягаюць 30–40%, у сучасных умовах недапушчальна, заявіў Лукашэнка. «Маё патрабаванне было звязанае перш за ўсё з тым, што бесгаспадарча выкарыстоўваецца мноства памяшканняў. Па краіне такіх мора — і ў Мінску, і ў іншых месцах. Трэба давесці да розуму тое, што ёсць, — сказаў ён. — А вы мне мільярды выкочваеце [на будаўніцтва новых бульбасховішчаў]. Мільярдаў не будзе».

У пытанні экспарту сельгаспрадукцыі Лукашэнка «зарыентаваў Мінсельгасхарч на заключэнне доўгатэрміновых кантрактаў». «Трэба сёлета заключыць доўгатэрміновыя дагаворы па пастаўцы бульбы, — заявіў ён. — Гэта Масква, Піцер, Расія, частка Украіны, і нам хопіць. Мы ж не будзем бясконца пашыраць пасевы бульбы. Трэба на аптымальныя аб’ёмы заключыць доўгатэрміновыя дагаворы».

Лукашэнка папярэдзіў, што ўсе прыцягнутыя крэдытныя рэсурсы сельгасарганізацыям прыйдзецца вяртаць, дзяржава іх спісваць не будзе.

Паводле інфармацыі Мінсельгасхарча, сёлета плануецца атрымаць у сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках 1,5 млн. т бульбы, з якіх больш за 430 тыс. т можна будзе накіраваць на экспарт.

Цяпер у сельскай гаспадарцы ёсць бульбасховішчы ёмістасцю 231,3 тыс. т. У мэтах выключэння захоўвання бульбы ў буртах прадугледжана пабудаваць і рэканструяваць у сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках бульбасховішчы ёмістасцю 356,2 тыс. т.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?