Кіраўніцтва Генеральнай пракуратуры Беларусі на прэс-канферэнцыі ў панядзелак у Менску прадэманстравала фільм, зняты ў СІЗА КДБ, аб гатоўнасці экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Алеся Міхалевіча супрацоўнічаць з КДБ.

Фільм быў зняты схаванай камерай. На пытанне журналістаў, ці быў Міхалевіч апавешчаны аб вядзенні здымкі, супрацоўнікі пракуратуры не адказалі. Таксама няма інфармацыі, у рамках якіх юрыдычных ці этычных нормаў кандыдата ў прэзідэнты вербавалі (!) у турме (!). Ці чаму яго схілялі пакаяцца перад альтэрнатыўным кандыдатам.

У прадэманстраваных кадрах А. Міхалевіч гаварыў следчаму, што лаяльны да ўлады, запэўніваў, што для КДБ ён моцны саюзнік. «Упэўнены, што ў чымcьці магу быць патэнцыйна карысны. Я гатовы дапамагаць. Я чалавек, які пакуль што нікога не кідаў і не падманваў. Можаце разлічваць», — казаў А. Міхалевіч.

Сам Міхалевіч распавядаў пра факт гэтага відэазапісу і тлумачыў, што ён прыняў прапанову стаць сексотам, каб атрымаць магчымасць вырвацца з турмы і расказаць пра ўмовы ўтрымання, роўныя катаванням.

На відэазапісе, як распавядае лукашэнкаўскае агенцтва «Інтэрфакс-Захад», экс-кандыдат прапаноўвае «завязаць з палітыкай». «Я магу сваю палітычную дзейнасць прыпыніць ці спыніць наогул. Што прапануеце… Я магу на каго-небудзь выходзіць і сустракацца. Усё залежыць ад таго, як вам лепш», — кажа Міхалевіч.

Лукашэнкаўскае агенцтва адзначае той факт, што «пасля сыходу следчага з кабінета, калі здымка яшчэ працягвалася, А. Міхалевіч выглядаў вельмі задаволеным сабой і нават штосьці маляваў пальцам на сцяне».
Намеснік генпракурора Андрэй Швед абверг заявы Міхалевіча пра катаванні ў турме.
Ён заявіў, што пракуратура праводзіла праверку і такіх фактаў не выявіла.
«Але Міхалевічу прапаноўвалася прысесці толькі некалькі разоў, каб праверыць, ці не схаваў ён штосьці ў задні праход, — адзначыў Швед.
 — Так часам робяць зняволеныя, хаваючы, у тым ліку, колюча-рэжучыя прадметы».

Тэмпература ў камеры, цвердзіць Швед, была не 10 градусаў, а 18.

Камеру не фарбавалі. «Высветлена, што ва ўсіх камерах на падлозе была праведзена чырвоная лінія шырынёй 8 см».

Святло ў камерах гарыць уначы, але на мінімальным узроўні.

Карацей, пракуратура выявіла, што ўмовы ў СІЗА КДБ амаль курортныя.

Хочацца адзначыць, што дзяржаўныя злачынцы, якія наважыліся аспрэчыць мудрае кіраванне Аляксандра Лукашэнкі, такога не заслугоўваюць.

Швед патлумачыў подлы паклёп з боку Міхалевіча жаданнем апошняга выехаць на пражыванне за мяжу. Варта адзначыць, што сам Швед уваходзіць у спіс асобаў, неўязных у краіны Еўрасаюза.

Яго туды ўнеслі як адну з асобаў, падазраваных у датычнасці да парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

На сайце іншага лукашэнкаўскага агенцтва, БелТА, матэрыял з відэа Міхалевіча стаіць пад загалоўкам: «Міхалевіч заяўляў у СІЗА пра гатоўнасць дапамагаць КДБ». Гэтае выданне таксама не задаецца пытаннем наконт законнасці і этычнасці вярбоўкі экс-кандыдата ў прэзідэнты і не спрабуе крытычна прааналізаваць довады пракурора. Яно нават не задаецца пытаннем, чаму допыт зняволенага вядзецца без прысутнасці адваката і чаму яго запіс перадаецца ў СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?