Вядомы расійскі паўабаронца Вадзім Яўсееў падпісаў кантракт з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ». Паводле словаў футбаліста, вырашальным фактарам стала акалічнасць, што жодзінскі клуб трэніруе яго сябра Сяргей Гурэнка, з якім Яўсееў гуляў у маскоўскім «Лакаматыве».

«Не буду хаваць, што не падпісаў бы кантракту, каб „Тарпеда“ ўзначальваў іншы трэнер. Гэты фактар і прадвызначыў маё рашэнне», — сказаў Яўсееў у інтэрв’ю «Прессболу».

З жодзінскім «Тарпеда» Яўсееў знаходзіўся на другім перадсезонным зборы ў Турцыі. У Жодзіна ён пераязджае на правах свабоднага агента, заявіўшы, што яго галоўнае — гульнявая практыка.

***

Вадзіму Яўсееву — 35 гадоў. Прафесійную кар’еру пачаў у маскоўскім «Спартаку», за які гуляў у 1996—1999 гг., з 2000 па 2006 г. выступаў за маскоўскі «Лакаматыў», мінулы сезон правёў за раменскі «Сатурн», які па выніках сезона самаліквідаваўся з фінансавых прычынаў.

За зборную Расіі Яўсееў правёў 20 матчаў. Вядомасць набыў пасля стыкавага матча ў адказ з Уэльсам адборачнага турніру да чэмпіянату Еўропы — 2004. Ён бездакорна апякаў галоўную зорку валійцаў Раяна Гігза і забіў вырашальны год. У адказ на цкаванне з боку валійскіх журналістаў і заўзятараў закрычаў на ўвесь свет у камеру пасля гульні: «Х*й вам! Зразумела? Х*й!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?