«У нас сёння начальнік Службы бяспекі прэзідэнта — хлопец з-пад Арэнбургу або Варонежа, і там сваякі яго жывуць. Міністр абароны ў нас масквіч Юрый Віктаравіч Жадобін. Дзяржсакратар, які курыруе сілавы блок, — рускі чалавек. Міністр замежных справаў у нас рускі, з савецкага МЗС прыйшоў. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, учорашні віцэ-прэм’ер, — масквіч Кабякоў».

Аляксандр Лукашэнка (з інтэрв’ю газеце «Завтра»).

А цяпер пачытаем афіцыйныя біяграфіі названых персонаў.

Андрэй Уцюрын, начальнік Службы бяспекі прэзідэнта. Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 годзе скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расіі, а ў 2002 годзе — Акадэмію МУС Беларусі.

Юрый Жадобін, міністр абароны. Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Днепрапятроўску (Украіна). У 1976 годзе скончыў Казанскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, у 1985 — камандны факультэт Вайсковай акадэміі бранятанкавых войскаў. У 1999 годзе прызначаны на пасаду намесніка міністра ўнутраных справаў — камандуючага ўнутранымі войскамі. Пазней кіраваў Службай бяспекі прэзідэнта, быў старшынёй КДБ, дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі. 4 снежня 2009 прызначаны кіраваць абаронным ведамствам.

Леанід Мальцаў, дзяржсакратар Савета бяспекі. Нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Віцінеўка Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. У войску з 1967 года. Скончыў Мінскае сувораўскае вайсковае вучылішча, Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, Ваенную акадэмію імя Фрунзе, Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба ў Маскве (з адзнакай). Як і ўсе вайскоўцы, служыў у розных месцах Савецкага Саюза і ў Германіі.

Сяргей Мартынаў, міністр замежных справаў. Нарадзіўся ў 1953 годзе ў Ленінакане (Арменія). У 1975 г. скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. З 1975-га працаваў на розных пасадах у сістэме Міністэрства замежных справаў БССР, а пазней — Рэспублікі Беларусь.

І толькі пра Андрэя Кабякова ўсё сказана правільна — ён сапраўды масквіч.

Нарадзіўся ў 1960 годзе ў Маскве. У 1983 годзе скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, у 1991 годзе — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава, у 1991 годзе — Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ. Працоўную дзейнасць пачаў майстрам механазборачнага цэха на заводзе імя Вавілава ў Мінску.

Відавочна, што А. Лукашэнка грашыць «недакладнасцямі» адмыслова, каб спадабацца расійскім чытачам спецыфічнай газеты «Завтра». Але навошта ж людзей крыўдзіць?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?